Белорусский портал в Казахстане

Кнігарня «Вянок» зноў адкрыецца ў дзень нараджэння Максіма Багдановіча



Афіцыйнае адкрыццё кнігарні адбудзецца 9 снежня, у 125-ты дзень нараджэння Максіма Багдановіча.

Аматары кнігі ведаюць: каб знайсці рэдкае, нават старажытнае выданне варта перадусім выправіцца ў «Вянок», што месціцца на беразе Свіслачы і спецыялізуецца на букіністыцы. Але ўлетку на інтэрнэт-сайтах пачалі з`яўляцца трывожныя навіны пра закрыццё крамы на рамонт і яе далейшы лёс, які на той час падаваўся нявызначаным.

Не так даўно стала вядома, што «Вянок» усё ж не спыніць свайго існавання, але зменіць уладара і будзе працаваць у крыху іншым профілі. Так, крама ўвайшла ў вялікую сетку «Белкнігі». На пытанні «Звязды» пра лёс гэтай кнігарні пагадзіўся адказаць дырэктар «Белкнігі» Аляксандр Вашкевіч.
____________________________________

— Магазін «Вянок», які пачаў працаваць у 1980-я гады, першапачаткова ўваходзіў у склад сеткі «Белкніга». Потым ён перайшоў на баланс Паліграфкамбіната імя Якуба Коласа. Але варта разумець, што гэта перадусім паліграфічнае прадпрыемства, спецыялізаванае на друку кніг, а не іх продажы. Таму і эканоміка, і асартымент тавараў у краме не зусім адпавядалі яго профілю дзейнасці. Пытанне стаяла нават пра закрыццё «Вянка». Натуральна, «Белкніга» як найбуйнейшае кнігагандлёвае прадпрыемства нашай краіны не магла пагадзіцца з гэтым, таму мы вырашылі вярнуць «Вянок» у сям`ю сваіх крам.

— Пасля рамонту і змены ўласніка кнігарні ці адбудуцца змены ў профілі крамы? Яна застанецца скіраванай на букіністыку?

— Магчыма, профіль крамы крыху зменіцца. У сетцы «Белкнігі» не адзін магазін спецыялізуецца на букіністыцы. Больш за тое, мы супраць таго, каб букіністыка ператварылася ў пэўнага кшталту «здачу бутэлек» — калі можна знайсці кнігі на сметніку і прынесці іх у магазін на продаж. Тут мы перш за ўсё маем на ўвазе рэдкія кнігі, якія прадстаўляюць культурную каштоўнасць і могуць быць патэнцыйна цікавымі сучасным пакупнікам. Гэта не сродак узбагачэння здатчыкаў, якія ўспрымаюць кнігі як другасную сыравіну. Мы павысім патрабаванні да прадукцыі, што будзе здавацца, таксама пашырым у гэтай краме асартымент аддзелаў краязнаўства, турыстычных даведнікаў і кніг пра Беларусь у цэлым, нашу прыроду і дасягненні ў асобных сферах. У тым ліку — на замежных мовах. Так плануем напоўніцу скарыстацца размяшчэннем крамы ў турыстычным цэнтры Мінска.

— У нашы дні кнігарні становяцца сапраўднымі цэнтрамі культуры. Тут ладзяцца прэзентацыі, арганізоўваюцца грамадскія абмеркаванні кніг. «Вянок» будзе запрашаць гасцей на імпрэзы?

— Гэтая кнігарня і сёння працуе ў тэставым рэжыме. Яе афіцыйнае адкрыццё адбудзецца 9 снежня, у 125-ты дзень нараджэння Максіма Багдановіча. Мы запрашаем усіх на вялікае свята кнігі ў Траецкае прадмесце. А пасля «Вянок» сапраўды стане базай кніжнага клуба, дзе пісьменнікі з нашай падтрымкай змогуць праводзіць творчыя сустрэчы, прэзентацыі кніг, аўтограф-сесіі. У гэтым кірунку будзем працаваць з Саюзам пісьменнікаў Беларусі.

— «Белкніга» досыць хутка пашыраецца, адкрываюцца новыя крамы. Магчыма, станеце манапалістам на айчынным кніжным рынку?

— Паралельна з крамамі «Белкнігі» ў нашай краіне адкрываецца многа іншых кнігарняў розных фарматаў. Рынак сёння досыць свабодны. Можна казаць пра даволі моцную сетку оz.bу, гэтыя магазіны з проста пунктаў выдачы заказаў інтэрнэт-крамы ператварыліся ў паўнавартасныя кнігарні. Сетка «Буквоежка», што складаецца з пяці крам, размешчаных у гандлёвых цэнтрах, таксама дазваляе казаць пра пэўную сістэму работы.

У пачатку снежня ў Мінску адкрыецца крама Саsh аnd Саrrу з удзелам расійскага капіталу. Гэта магазін дробнага опту, дзе набываць кнігі змогуць прадпрымальнікі, маленькія суб`екты гаспадарання. Таму сцвярджаць, што «Белнікнга» становіцца манапалістам, нельга. Зараз развіваецца гандаль, альтэрнатыўны нашаму, ён досыць моцны. Нават калі казаць пра кропкавыя кнігарні, такія як «Кніжная нара», «Сон у Гогаля».

— Але ж у нас у краіне кніжны рынак, па сутнасці, досыць маленькі. Не страшна ў такім выпадку, што хутка страціце вялікую частку прыбытку і не пераможаце ў гэтай канкурэнцыі?

— Перамагчы павінен мацнейшы — якасцю кніг, іх асартыментам, цэнавай палітыкай, новымі формамі продажаў, акцыямі. І тут, канешне, плячо «Белкнізе» павінны падставіць айчынныя выдавецтвы. Бо менавіта з імі мы ў асноўным працуем.

Камерцыйныя кніжныя сеткі і крамы не ўдзяляюць неабходнай увагі кнігам беларускіх выдаўцоў, аўтараў, выданням на беларускай мове. Таму я хацеў бы заклікаць пісьменнікаў і выдавецтвы ствараць якасныя творы, цікавы кантэнт — тады і ў «Белкнігі» будзе добрая будучыня. Мы разам пераможам у канкурэнтнай барацьбе.

— Разважаем у асноўным пра сталіцу. А як жа рэгіёны? «Белкніга» ўжо заклала традыцыю адкрываць ці абнаўляць магазіны ў гарадах, якія прымаюць Свята беларускага пісьменства. Ці плануеце налета звярнуць увагу на Полацк?

— У Полацку працуе кнігарня нашай сеткі. Зараз мы думаем пра тое, каб гэты магазін абнавіць, перафармаціраваць знешне і па прынцыпах работы. Магчыма, ва ўзаемадзеянні з мясцовымі ўладамі зможам адкрыць і новую кнігарню. Зразумела, што для такога вялікага горада, значнага культурнага цэнтра адной кніжнай крамы недастаткова.

Аўтар: Марына Весялуха
vеsіаluhа@zvіаzdа.bу
Звязда, 3 снежня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/318/37868
Текущая дата: 19.11.2024