Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання.
"Парламентарыі адкарэктавалі асноўныя законы аб Прэзідэнце, Нацыянальным сходзе, урадзе, канстытуцыйным судаводстве. Прыняты прынцыпова новы Кодэкс аб грамадзянскім судаводстве. Абноўлены Выбарчы кодэкс, Кодэкс аб судаводстве і статусе суддзяў і шэраг іншых не менш важных дакументаў. Асаблівай увагі заслугоўвае, вядома, Закон аб Усебеларускім народным сходзе. З фармаваннем гэтага канстытуцыйнага органа краіна, па сутнасці, уступіць у новы гістарычны этап свайго развіцця", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Асобна кіраўнік дзяржавы адзначыў прыняты новы Закон аб асновах грамадзянскай супольнасці. Яго палажэнні накіраваны на больш поўнае раскрыццё патэнцыялу канструктыўнай грамадзянскай актыўнасці. А скарэктаваныя законы аб палітычных партыях і грамадскіх аб`яднаннях дапускаюць дзейнасць толькі тых палітычных арганізацый, якія няўхільна прытрымліваюцца канстытуцыйных патрабаванняў.
"Немалаважнай часткай нашай работы стала прыняцце заканадаўчых актаў і рашэнняў, накіраваных на ўмацаванне эканомікі. Парламентарыі ў цесным узаемадзеянні з профільнымі дзяржаўнымі органамі, міністэрствамі, урадам аператыўна стваралі неабходныя прававыя ўмовы для забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту. Прыняты шэраг законаў, нормы якіх арыентаваны на абарону нацыянальных інтарэсаў ва ўмовах санкцыйнага націску. Гэта дало магчымасць забяспечыць рытмічную работу прадпрыемстваў, захаваць працоўныя калектывы і ў цэлым садзейнічала ўмацаванню эканамічнай бяспекі краіны", - заявіў Прэзідэнт.
Сярод важных законаў у сферы рэгулявання эканамічных адносін - новая рэдакцыя Кодэкса аб зямлі, Кодэкс аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці. Акрамя таго, сур`ёзную карэктоўку зведала гаспадарчае заканадаўства. Прыняты законы аб аб`яднаннях наймальнікаў, аб ліцэнзаванні, аб страхавой дзейнасці, аб інвестыцыях.
"Гэтыя і іншыя заканадаўчыя акты дадуць магчымасць значна ўмацаваць нацыянальную эканоміку, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Брэндам беларускай дзяржавы заўсёды была моцная сацыяльная палітыка. За апошнія гады намі прыняты шэраг актуальных рашэнняў у сферах адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, культуры, моладзевай палітыкі".
"Ва ўмовах гібрыднай вайны, развязанай супраць нашай краіны, большасць прымаемых законаў так ці інакш звязаны з забеспячэннем нацыянальнай бяспекі. У адказ на нагнятанне ваеннай пагрозы вакол Беларусі вамі ў заканадаўства ўнесены змяненні, прызначаныя ўмацаваць абаронны патэнцыял Беларусі", - нагадаў кіраўнік дзяржавы.
Так, прыняты Закон аб народным апалчэнні, створаны неабходныя прававыя перадумовы для развіцця ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва ў Саюзнай дзяржаве і АДКБ.
"Асобныя законапраекты - гэта і вашы ініцыятывы. Прыняты строгія папераджальныя меры па барацьбе з тэрарызмам, экстрэмізмам, нелегальнай міграцыяй, наркатрафікам. Шэраг сур`ёзных рашэнняў накіраваны на забеспячэнне інфармацыйнай і кібербяспекі, абарону асабістых даных, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - У кантэксце ўмацавання нацыянальнай бяспекі неабходна разглядаць і праведзеную парламентарыямі вялікую работу па адстойванні гістарычнай праўды".
21 сакавіка 2024, Мінск
БЕЛТА
21 сакавіка 2024, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/32/73241
Текущая дата: 24.12.2024