Белорусский портал в Казахстане

Сустрэча з беларускімі палярнікамі адбудзецца 27 кастрычніка



Мерапрыемства, у якім могуць прыняць удзел усе ахвотныя, прысвечана старту новай дзевятай Беларускай антарктычнай экспедыцыі.

27 кастрычніка  з 17:00 да 20:00 у вялікай канферэнц-зале Прэзідыума НАН Беларусі (г. Мінск, праспект Незалежнасці, 66) пройдзе публічная лекцыя "Беларусь: кропка апоры ў Антарктыцы".

На сустрэчы адбудзецца прэзентацыя кнігі "Беларусь у Антарктыцы. Да 10-годдзя пачатку рэгулярных навуковых і экспедыцыйных даследаванняў" і прадэманстраваны фільм пра мантаж першага модуля "беларускага дома" на Паўднёвым полюсе.

На сустрэчы будуць закранутыя пытанні міжнароднага супрацоўніцтва, будаўніцтва Беларускай антарктычнай станцыі.

Удзельнікі змогуць атрымаць уяўленне пра жыццё і побыт беларускіх палярнікаў. Лекцыя ўключае і блок у фармаце "пытанне-адказ", дзе кожны зможа атрымаць інфармацыю па тэме з першых рук. 

У фае другога паверха разгорнецца выстаўка ўнікальных фотаматэрыялаў, якія тычацца дзейнасці беларускіх антарктычных экспедыцый, а таксама экспанатаў Цэнтра акіянаграфіі "Адкрыты акіян". Тут таксама будзе прадстаўлены і макет Беларускай антарктычнай станцыі. Для ўдзельнікаў прадугледжана аўтограф-сесія, падчас якой усе ахвотныя атрымаюць памятныя фатаграфіі.

Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН Беларусі і Моладзевы  адукацыйны цэнтр "Фіальта".

Праграма мерапрыемства:

17:00-17:30 – дэманстрацыя экспазіцыі інфармацыйных фота- і відэаматэрыялаў, а таксама экспанатаў Цэнтра акіянаграфіі "Адкрыты акіян", аўтограф-сесія.

17:30-18:00 – афіцыйная частка (выступленне кіраўніцтва НАН Беларусі, вядомых навукоўцаў-кліматолагаў з Акадэміі навук).

18:00-19:00 – выступленні ўдзельнікаў беларускіх антарктычных экспедыцый.

19:00-20:00 – пытанні і адказы. 

Надзея Нікалаева
Звязда, 25 кастрычніка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/320/37390
Текущая дата: 19.11.2024