Белорусский портал в Казахстане

Брэсцкі тэатр лялек пакажа "Халстамер" на фестывалі ў Калінінградзе



Аб гэтым паведаміў мастацкі кіраўнік тэатра Міхаіл Шавель.

Брэсцкі тэатр лялек прыме ўдзел у міжнародным фестывалі лялечнікаў "Пятроўскі балаган-2016", які пройдзе 7-9 кастрычніка ў расійскім Калінінградзе.

У самы заходні рэгіён Расіі брастаўчане адправяцца 6 кастрычніка.

Калектыў пакажа на фестывалі тэатраў лялек свой самы вядомы і тытулаваны спектакль - "Халстамер (Гісторыя каня)" паводле матываў аповесці Л.Талстога. Гэта пастаноўка для дарослых у рэпертуары Брэсцкага тэатра лялек - з 2005 года. За гэты час яна палюбілася гледачам многіх краін. Артысты спадзяюцца, што яна прыйдзецца даспадобы і калінінградскай публіцы.

Таксама на фестывалі тэатральнае мастацтва Беларусі плануе прадставіць тэатр "Лялька" з Віцебска, які прывязе спектакль "Горад клоўна Піка".

У цэлым цяперашняя восень у брэсцкіх лялечнікаў будзе насычанай. З дня на дзень калектыў вернецца з Расіі, дзе ён прымаў удзел у другім "Шамбай-festе". На сцэне ў Казані быў паказаны "Самазванец" паводле п`есы А.Пушкіна.

Ужо 3 кастрычніка акцёры Брэсцкага тэатра лялек выступяць на мінскім фестывалі "ТЭАРТ" са спектаклем "Фро" паводле твора А.Платонава. Гэта ж работа прэтэндуе на ўзнагароду Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Прагляд брэсцкага спектакля-намінанта журы намечаны на 22 лістапада.

Паралельна брастаўчане працуюць над стварэннем прэм`ер. У новым тэатральным сезоне плануецца прадставіць навінкі "Казкі хрустальнага лесу", "Воўк і сямёра казлянят", "Забыты дзень нараджэння".

Акрамя таго, у Брэсцкага тэатра лялек ёсць намер уключыць у перспектыве ў сваю афішу спектакль "Новая зямля" паводле паэмы Я.Коласа. Над канцэпцыяй пастаноўкі цяпер працуюць уладальнікі прэміі "Залатая маска" рэжысёр Аляксандр Янушкевіч і мастак Таццяна Нерсісян. Брэсцкі тэатр лялек пачаў сваю дзейнасць у 1963 годзе. За гэты час ім пастаўлена каля 150 спектакляў для дзяцей і дарослых. З 2007 года тэатр мае званне "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь".

30 верасня 2016, Брэст
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/322/37097
Текущая дата: 19.11.2024