Белорусский портал в Казахстане

Час патрабуе ад СМІ новых тэхналагічных і змястоўных падыходаў для аператыўнага данясення да грамадскасці значнай інфармацыі



Аб гэтым па выніках рабочай нарады з прадстаўнікамі вядучых СМІ заявіў 14 снежня намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі.

У ходзе дыялогу было прыведзена такое назіранне. Згодна са статысткай, маладыя людзі ў 80 працэнтах выпадкаў атрымліваюць інфармацыю з інтэрнэту і, калі не знаходзяць яе, то больш нікуды па яе не звяртаюцца.

"Гэта акалічнасць патрабуе пошуку новых рашэнняў і варыянтаў комплекснага паляпшэння ўсяго спектра работы СМІ, пашырэння магчымасцей тэлебачання, радыё і друкаванай прэсы", - падкрэсліў Ігар Бузоўскі.

Удзельнікі сустрэчы ўсебакова прааналізавалі гэты тэзіс. У прыватнасці, з улікам выклікаў часу былі разгледжаны рэальныя магчымасці выхаду на прынцыпова новы ўзровень данясення інфармацыі да грамадства.

Пры гэтым улічвалася неабходнасць пераарыентацыі пэўных сегментаў тэлеаўдыторыі на інтэрнэт. "Выклікі часу канстатуюць неабходнасць пошуку новых рашэнняў у арганізацыі работы СМІ, наладжвання эфектыўнай зваротнай сувязі, варыянтаў данясення інфармацыі да грамадзян ва ўмовах барацьбы за аўдыторыю і ўплыў на яе", - падкрэсліў Ігар Бузоўскі.

У час дыскусіі таксама былі закрануты пытанні прафесійнай этыкі журналістаў. Кожны журналіст і творчыя калектывы ў цэлым павінны кампетэнтна і шчыра выкладаць інфармацыю. Дабівацца такога ўзроўню прапрацоўкі матэрыялаў, які даваў бы магчымасць разабрацца ў няпростых падзеях, прыняць правільнае рашэнне, сфарміраваць у грамадстве аб`ектыўнае меркаванне.

"Дзейнасць творчых калектываў СМІ і кожнага журналіста абавязана быць прафесійнай і адказнай", - адзначыў Ігар Бузоўскі.

Адбыўся абмен думкамі па шырокім коле карпаратыўных праблем, якія хвалююць журналісцкую сферу. Тэмы закраналіся розныя - ад матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння да прафесійнай падрыхтоўкі маладых журналісцкіх кадраў.

Удзельнікі былі аднадушныя, што СМІ павінны забяспечваць эфектыўную камунікацыю паміж уладай і грамадствам, не адыходзіць ад вострых тэм, аператыўна рэагуючы на праблемы, якія выклікаюць грамадскі рэзананс.

14 снежня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/322/37987
Текущая дата: 26.12.2024