Белорусский портал в Казахстане

Мірскі замак набыў унікальную калекцыю партрэтаў князёў Радзівілаў



Аб гэтым паведаміла спецыяліст па сувязях з грамадскасцю ўстановы "Музей "Замкавы комплекс "Мір" Анаіт Арзуманян.

Паводле слоў спецыяліста, замкавы комплекс "Мір" заключыў сенсацыйную здзелку па набыцці калекцыі партрэтаў князёў Радзівілаў. "Сцены Партрэтнай залы Мірскага замка цяпер упрыгожаны арыгінальнымі партрэтамі, якія музей набыў у князя Канстанціна Гогенлоэ-Шылінгсфюрста, які жыве ў Германіі.

Упершыню гэту калекцыю беларусы ўбачылі ў маі 2014 года на выстаўцы. На працягу 17 месяцаў дырэктарат музея вёў перагаворы з уласнікам партрэтаў князем Канстанцінам.

І вось нарэшце Міністэрства культуры Германіі дало дазвол на перамяшчэнне гісторыка-культурных каштоўнасцей", - расказала Анаіт Арзуманян.

Калекцыя налічвае 15 партрэтаў XIX стагоддзя і тры - XVIII стагоддзя. Сярод 18 жывапісных работ два роставыя партрэты, на якіх адлюстраваны князь Міхаіл Казімір Рыбанька і Ганна Людвіка - яго другая жонка. Тое, што партрэты маюць непасрэднае дачыненне да ўладальнікаў Мірскага замка, павышае каштоўнасць гэтай калекцыі.

У Партрэтнай зале прадстаўлена толькі частка калекцыі - 12 работ. Астатнія захоўваюцца ў запасніках музея.

Некаторыя партрэты маюць патрэбу ў рэстаўрацыі. Цяпер супрацоўнікі музея чакаюць кансультацый спецыялістаў з рэстаўрацыйнага цэнтра імя Гудзінаса, які знаходзіцца ў Літве, і пасля гэтага будзе прынята праграма іх рэстаўрацыі.

27 верасня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/323/37127
Текущая дата: 19.11.2024