Галоўны «экспанат», з якім Выдавецкі дом «Звязда» адпраўляецца ў адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі на свята прыгожага слова, абсалютна новая кніга ― «Рагачоўшчына. Зямля натхнення і дабра».
Гэта фотаальбом, энцыклапедыя, гістарычная замалёўка і сучасны даведнік пад адной вокладкай, памерам каля 200 старонак.
Фактычна кніга складаецца з дзвюх частак, дзе мінулае, ад пачатку заснавання горада, плаўна перацякае ў цяперашні дзень, сучаснасць з яе імклівасцю, зменлівасцю, дынамікай.
Фактычна кніга складаецца з дзвюх частак, дзе мінулае, ад пачатку заснавання горада, плаўна перацякае ў цяперашні дзень, сучаснасць з яе імклівасцю, зменлівасцю, дынамікай.
Складальнікі лічаць, што ўспрымаць выданне трэба суцэльна ― менавіта таму яны і не разбівалі яго на часткі і главы. Кніга падрыхтавана спецыяльна да Дня пісьменства. У ёй лаканічна і даступна ахоплена амаль усё, што звязана з месцам правядзення свята, ― ад геаграфічных асаблівасцей да панарамы дасягненняў вядомых людзей горада, уключаючы пісьменнікаў, лекараў, навукоўцаў. Галоўны акцэнт ― фатаграфіі. Адабраныя старанна, а значыць высокамастацкія. У ліку аўтараў Анатоль Кляшчук і Надзея Бужан. Альбом закліканы ўвасобіць сувязь пакаленняў, адлюстроўваючы мінулыя асаблівасці і цяперашнія ўмовы развіцця Рагачоўскага краю. Чакаецца, што выданне стане цікавым не толькі для жыхароў рэгіёна, але і для ўсіх беларусаў, а таксама гасцей свята. Прынамсі, яно максімальна насычана інфармацыяй ― як тэкставай, так і візуальнай. У альбоме Рагачоўшчыну абмалёўваюць (прынамсі, нібыта не словамі, а натхнёнай рукой мастака) як светлы, утульны, гасцінны край з непаўторнай зелянінай лугоў і лясоў, таленавітымі, мужнымі і моцнымі духам жыхарамі, сярод якіх шмат шчырых рамантыкаў, адданых сваёй справе і творчасці, як месца, вакол якога сабрана нямала захапляльных легенд, дзе падтрымліваюць і паважаюць народныя традыцыі
Але гэта, зразумела, не усё. У гэтым годзе Выдавецкі дом «Звязда» прадставіць на Дні беларускага пісьменнаства каля ста выданняў ― самых актуальных, новых альбо тых, якія заваявалі найбольшую ўвагу чытачоў. Дыяпазон жанраў, як няцяжка здагадацца, вельмі шырокі ― ад паэтычных зборнікаў, маляўнічых фотаальбомаў, дзіцячых казак да сур’ёзных філасофскіх раманаў-разваг. Усе кнігі не пералічыш, але некаторыя з іх можна вылучыць.
Напрыклад, знакаміты прыгодніцкі, фантасмагарычны раман ад Людмілы Рублеўскай, прысвечаны авантурам Пранціша Вырвіча, збеглага вучня Менскага езуіцкага калегіума. Тут вам і жалезная чарапаха ад Леанарда да Вінчы, і дзіда Святога Маўрыкія. Усё, як кажуць, у лепшых традыцыях «Трох мушкецёраў» Аляксандра Дзюма.
Альманах «Сугучча», прысвечаны дружалюбным літаратурным сувязям Беларусі і Расіі, якім ганарыцца выдавецтва, таксама паедзе ў Рагачоў. На свяце будзе шмат гасцей з іншых краін, таму на гэтым замежная панарама твораў, перакладзеных і выдадзеных на Беларусі, не заканчваецца. «Ці далёкую ды Афрыкі?» украінскага празаіка Міхайлы Слабашпіцкага, «Не хачу губляць Надзею», «Зайздрасць» і «Лісты да сына» Немата Келімбетава, казахскага вучонага, пісьменніка і асветніка, ― толькі некаторыя з іх.
На стэндзе выдавецтва знойдуць сваё месца зборнікі з міжнароднай серыі «Сугучча сэрцаў», складзенай Алесем Бадаком. Гэта ― лепшыя творы пісьменнікаў Расіі («Зорная крыніца»), Украіны («Залатая струна»), Малдовы («Край мой запаведны»), Арменіі («Люблю цябе, Айчына») і Казахстана («Не ведаючы межаў»).
Адны з самых душэўных, прасякнутых філасофіяй чалавечага існавання і нечаканасці лёсаў, ― аповесць Валерыя Казакова «Горад, які заўсёды са мной», прысвечаная яго малой радзіме, Магілёўшчыне, і зборнік «І няма шляху чужога», складзены Аляксеем Чаротам, своеасаблівы зрэз лепшых твораў, якія публікаваліся ў часопісе «Нёман».
У спісе самых знакавых кніг-альбомаў, неацэнных сведкаў мінулых часоў жыцця Беларусі, ― «Мінск. Падарожжа ў часе» Уладзіміра Ліхадзедава з рарытэтнымі здымкамі, што распавядаюць пра аблічча горада ў розныя часы яго існавання, «Зачараваны Беларуссю» Уладзіміра Цыдзіка з фатаграфіямі краявідаў роднай краіны. Вялікую Айчынную вайну пакажа чытачам журналіст-герой Васіль Аркашоў, таксама ў асобным выданні.
Сярод кніг-бестселераў з беларускім акцэнтам ― «Паміж Княства І Каронай» Анатоля Бутэвіча, «Праклён Мітрапаліта Феафіла» Уладзіміра Мажылоўскага, «Сустрэчы без абцасаў» Надзеі Дрыла, «Дараванне» Алены Брава, «Паслухайце што!» Таццяны Сулімавай.
Маленькія і юныя чытачы змогуць пазнаёміцца з незвычайнымі, павучальнымі казкамі, напісанымі вобразнай беларускай мовай: пра мудрых жыхароў лесу («Дуб і крумкач» Алены Стэльмах, «Хто ў лесе самы смелы?» Таццяны Мушынскай, «Шчодрая вавёрка» Янкі Галубовіча), унікальных фантастычных істот («Падарожжа Шубуршуна» Алеся Карлюкевіча); выдатных і смелых прынцэс і загадкавыя караблі («Асцярожна, злыя гобліны!» Наталлі Марчук) і нават пра чароўны свет сноў («Прылятаюць ноччу сны» Віктара Кудлачова).
Будуць прадстаўлены і зборнікі. Напрыклад, творы для дзяцей ад сучасных беларускіх пісьменнікаў, кнігі «Куды блінок закаціўся» і «Як мядзведзь пчаляром стаў» з серыі «Казачны куфэрак». Твораў шмат, на любы густ ― Генадзя Аўласенкі, Георгія Марчука, Вольгі Савасцюк, Алеся Бадака, Раісы Баравіковай, Віктара Гардзея, Анатоля Зэкава, Уладзіміра Мазго і інш.
Не пройдуць міма чытачоў і таямніцы замкаў Беларусі ― Мірскага, Нясвіжскага і Крэўскага ― ад Анатоля Бутэвіча. Ёсць выданні, прысвечаныя мастацтву, ― альбом «Уладзімір Слабодчыкаў. Скульптура», «Валеры Даўгала. Мінск у вобразах і фарбах» пра жыццё і творчасць вядомага беларускага мастака-манументаліста, «Краса: эстэтыка беларускай архітэктуры» аб разнастайнасці, эстэтыцы і сімвалізме беларускага дойлідства з самых старажытных часоў да пачатку XXI стагоддзя.
Ну і, канечне, адной з самых сімвалічных стане кніга-даследаванне (ці адкрыццё?) «Францыск Скарына на мовах народаў свету», дзе ўпершыню прадстаўлены шматлікія пераклады прадмовы вялікага гуманіста і першадрукара да кнігі «Юдзіф».
Прадставіць свае кнігі для кожнага выдавецтва ― гэта магчымасць не толькі заявіць пра сабе, але і дастукацца да чытачоў у плане адукацыйным, духоўным: распавесці ім пра багацце сваёй радзімы, яе спадчыну, сілу і непаўторнасць.
Марыя Войцік
Звязда, 2 верасня 2016
Звязда, 2 верасня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/324/36791
Текущая дата: 19.11.2024