Белорусский портал в Казахстане

Аляксей Грос атрымаў максімум балаў ад суддзяў у першы дзень конкурсу "Віцебск-2016"



Аляксей Грос стаў пераможцам Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2016" на "Славянскім базары", набраўшы больш за ўсіх балаў.

Увечары 17 ліпеня на сцэне Летняга амфітэатра прайшоў другі конкурсны дзень - "Фестывальны хіт".

Беларус выканаў вядомую песню Бон Джові "It`s my life", за якую атрымаў ад суддзяў 77 балаў, і падагульняючая сума 157 балаў за два дні вывела яго ў лідары.

"Калі ішоў сюды, я адчуў, што ўчарашнія 80 балаў шмат да чаго абавязвалі, было хваляванне. Але я задаволены. Бадай, штосьці крыху не склалася, але ўсё добра", - прызнаўся адразу пасля выступлення за кулісамі Аляксей Грос. Дарэчы, малады выканаўца не пазбаўлены гарэзлівага пазёрства. Тлумачачы экстравагантны выбар касцюма ў духу Робі Уільямса, ён адзначыў, што "як і вядомаму брытанскаму спеваку яму ёсць што паказаць".

А вось казах Адам, які атрымаў нават больш балаў - 78, аказаўся больш самакрытычным і прызнаўся, што не ўсё ў яго інтэрпрэтацыі песні "I`m not the only one" атрымалася ідэальна. "Раніцай на рэпетыцыях атрымалася лепш, не было такога хвалявання. Непасрэдна перад выхадам ніяк не мог супакоіцца", - адзначыў Адам.

Аляксея Гроса, ад якога па сумарным выніку адстаў усяго на 2 балы, ён пахваліў за выступленне ў першы дзень - яго ён слухаў з залы.

Таксама Адам прызнаўся, што ўлюбіўся ў Мінск і Віцебск, дзе шмат гуляў. "У вас тут усё інакш. І такія добрыя людзі, чулыя. Я пераняў ад іх пэўнае натхненне і цяпер вярнуся ў Казахстан абноўленым чалавекам, натхнёным на новыя здзяйсненні. Шчыра кажучы, я шмат задавальнення атрымаў. Яшчэ мы моцна пасябравалі з хлопцам з Латвіі. У нас нават ёсць свая фішка - краіна Казалатвія. Дарэчы, на маё вяселле ў верасні адназначна прыедуць прадстаўнікі Чарнагорыі і Латвіі", - дадаў Адам.

Таксама, мяркуючы па балах, асабліва спадабаліся журы ў гэты вечар іскрамётныя выступленні італьянкі Элеаноры Век`ё, грузінскага прыгажуна Андрыа Гвелісіяні і малдаванкі Анны Адабеску. Якая ў чаканні ацэнак прызналася, што на сцэне была не адна. Дзяўчына чакае дзіця. Таму ў Віцебск яе прыехаў падтрымаць муж-музыкант.

"Дзіця мне нават дапамагала. Напэўна, упершыню на конкурсе я не так моцна хвалююся. І на паўфінале, і ўчора, і сёння не было страху. Была ўпэўненасць, што я не адна - нас усё ж такі двое", - растлумачыла Анна Адабеску.

Таксама яна адзначыла маштабнасць сцэны, на такой пляцоўцы спявачка выступала ўпершыню. Кожны канкурсант, незалежна ад рэзультатаў, атрымаў шмат пазітыўных эмоцый, якімі іх зарадзіла віцебская зала. Публіка на "Славянскім базары" ўмее падтрымаць артыста. Дапамагалі ў гэтай місіі і вядучыя - Дзяніс Дудзінскі і Кацярына Раецкая.

Дзякуючы ім на конкурсе гучалі родныя мовы ўдзельнікаў, прызнанні і прысвячэнні, уручаліся падарункі. Марыета Уайс з Украіны сказала, што хоча замуж; расіянка Кацярына Фырфа спрабавала прачытаць верш Пушкіна ў перакладзе на беларускую Максіма Багдановіча. А італьянка Элеанора Век`ё растлумачыла гледачам, што "ў Італіі паста - гэта жонка, яе трэба есці дома, а піца - гэта палюбоўніца - яе трэба есці ў рэстаране".

Канкурсантка з Літвы Валерыя Ільін парадавала журналістаў, падарыўшы ім традыцыйны літоўскі пірог шакоціс. Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу адбудзецца сёння ўвечары на ўрачыстым закрыцці XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Тады і стане вядома, ці атрымае Аляксей Грос Гран-пры і спецыяльны прыз "Ліра" або будзе ўдастоены толькі прэміі.



18 ліпеня 2016, Віцебск
Кацярына Князева - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/326/36385
Текущая дата: 19.11.2024