Белорусский портал в Казахстане

У Мінску адкрыюць музей займальных навук



Музей займальных навук "Квантум" плануецца стварыць у Мінску. Ён зойме цокальны паверх гандлёвага цэнтра "Тытан".

Плануецца, што гэта будзе найбуйнейшы навукова-папулярны музей у Беларусі, адкрыць яго мяркуюць да пачатку навучальнага года, паведамілі арганізатары.

Прастора музея (крыху менш за 1.000 кв. м) будзе падзелена на тэматычныя зоны. У кожнай з іх абяцаюць паказаць нешта асаблівае: "цуды акустыкі, магчымасці механікі, сакрэты аэрадынамікі або загадкі магнетызму". У антыгравітацыйным пакоі, напрыклад, у наведвальнікаў створаць адчуванне, што яны падаюць і не могуць утрымаць раўнавагу. У музеі будзе люстраны лабірынт.

Стаць на час выратавальнікам прапануюць у сапраўднай пажарнай машыне. У музычным пакоі можна будзе сыграць на барабанах, празрыстым піяніна і аргане з вадасцёкавых труб. У лазерным лабірынце трэба будзе дабрацца з аднаго пункта ў другі, не закрануўшы пры гэтым прамяні.

Пры музеі плануецца стварыць адукацыйны цэнтр, дзе будуць праводзіць займальныя ўрокі для дзяцей і дарослых. У вячэрні час будуць працаваць творчыя гурткі і клуб робатэхнікі. Наведвальнікам прапануюць паўдзельнічаць у хімічных эксперыментах, праверыць законы фізікі ў дзеянні або ўнесці ўклад у стварэнне дроідаў (чалавекападобных робатаў з "Зорных войнаў"). Практычна штодня ў музеі будуць праводзіць навукова-папулярныя шоу-праграмы.

Усяго ў музеі выставяць каля 200 экспанатаў. Большасць з іх будуць валодаць навуковай каштоўнасцю. Каб вывучыць усе экспанаты, спатрэбіцца некалькі гадзін. Абысці залы можна будзе як самастойна, так і з экскурсаводам. Перадыхнуць прапануюць у кавярні, набыць сувеніры — у "краме навуковых падарункаў".

Мяркуецца, што экспазіцыі будуць цікавыя як маленькім дзецям, так і дарослым. Для школьных груп распрацуюць спецыяльныя праграмы, каб у займальнай форме замацаваць вучэбны матэрыял. Практычна ўсе экспанаты ў музеі можна будзе чапаць рукамі.

Пры распрацоўцы экспазіцыі арганізатары ўлічвалі вопыт найбуйнейшых навукова-папулярныя музеяў свету. Адна частка экспанатаў была спраектаваная і сканструяваная ў Беларусі, другая — набыта за мяжой. Большасць экспанатаў будзе дэманстравацца ў Мінску ўпершыню.

"Місія музея — уразіць наведвальніка і тым самым прымусіць яго дакрануцца да свету навукі. Маштаб экспазіцый дазваляе нам ахапіць розныя галіны навукі і паказаць, наколькі багаты свет навукі і тэхналогій, — адзначылі арганізатары. — Але наведвальніку таксама гарантаваныя асаблівыя ўражанні, якія ён наўрад ці зможа атрымаць дзе-небудзь яшчэ. Сем`і змогуць сумясціць прыемнае з карысным — правесці час з дзіцем і прышчапіць яму любоў да атрымання новых ведаў пра навакольны свет".

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 7 ліпеня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/327/36410
Текущая дата: 19.11.2024