Белорусский портал в Казахстане

У Мінску з`явяцца вуліцы імя Паўліны Мядзёлкі і Ельскіх



Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў на 18-й сесіі 27-га склікання 13 верасня прыняў рашэнне аб прысваенні назваў дзесяці вуліцам і завулкам і аднаму скверу, паведаміла прэс-служба Мінгарвыканкама.

Праектаваная вуліца № 8 у межах вуліцы Зарэчнай і завулка Малы Трасцянец атрымала назву Стайкаўская (па назве населенага пункта, размешчанага ў гэтым кірунку). Праектаваная вуліца № 3 паблізу вуліцы Выгоцкага "з гэтага часу носіць імя заслужанага дзеяча культуры БССР, педагога Паўліны Мядзёлкі, якая зрабіла значны ўнёсак у станаўленне беларускай школы, развіццё нацыянальнай культуры і беларускага тэатральнага мастацтва". Яна вядомая як аўтар мемуараў "Cцежкамi жыцця". Таксама Паўліна Мядзёлка была асабіста знаёмая з Янкам Купалам, стала першай выканаўцай ролі Паўлінкі ў яго аднайменнай камедыі.

Праектаваная вуліца № 2 у межах вуліцы Арлоўскай і праспекта Пераможцаў стала Рэспубліканскай. Праектаваныя вуліцы № 8 і 9 у межах вуліц Ратамскай, Камайскай, Княгінінскай, Ржавецкай сталі 1-м Ратамскім і 2-м Ратамскім завулкамі адпаведна. Размешчаны па суседстве з імі праектаваны завулак № 6 зараз носіць імя Княгінінскі.

Праектаваны праезд № 3 паблізу вуліцы Масюкоўшчына вырашана назваць вуліцай Крыжоўскай, № 6 — вуліцай Ждановіцкай.

Праектаванай вуліцы № 1 у межах вуліц Міхалова і Алібегава прысвоенае імя Ельскіх (вядомага з XVI стагоддзя на беларускай зямлі роду). Праектаванай вуліцы № 3 у тым жа квартале прысвоеная назва Міхалоўская.

Таксама з`явілася імя ў сквера, размешчанага ў межах вуліц Гашкевіча, Сыракомлі, Лучыны. Ён атрымаў назву Вілкаўшчына па аналогіі з населеным пунктам, які раней размяшчаўся на гэтай тэрыторыі.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 14 верасня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/328/36956
Текущая дата: 28.12.2024