Белорусский портал в Казахстане

Вызначыны прыярытэты Дня беларускага пісьменства



Адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства. Яно прайшло ў Рагачове пад кіраўніцтвам віцэ-прэм`ера Наталлі Качанавай. Менавіта ў гэтым горадзе свята адбудзецца 4 верасня.

Дамінантамі стануць тэмы Года культуры, падрыхтоўкі да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, а таксама юбілейныя даты пісьменнікаў — Змітрака Бядулі, Кандрата Крапівы, Максіма Багдановіча, Івана Мележа і Івана Шамякіна. Пройдзе традыцыйны «круглы стол» з удзелам беларускіх і замежных літаратараў, адбудуцца навукова-практычная канферэнцыя «Рагачоўскія чытанні», конкурс юных чытальнікаў Гомельшчыны «Жывая класіка».

Ужо традыцыйнай падчас святкавання Дня беларускага пісьменства стала ўрачыстая цырымонія ўручэння Нацыянальнай літаратурнай прэміі за найлепшыя творы ў сямі намінацыях. Адметна таксама, што менавіта падчас свята пісьменства ў Рагачове распачне працу кнігарня — новы філіял ААТ «Белкніга».

Канчатковая праграма мерапрыемстваў будзе прынята да канца чэрвеня. Але ўжо стала вядома, што падчас Дня беларускага пісьменства плануецца фестываль кнігі і прэсы. У спецыяльным выставачным павільёне размесцяцца кніжныя экспазіцыі, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, пісьменнікам-юбілярам, таксама тут будуць прадстаўлены выданні-пераможцы нацыянальнага і міжнароднага конкурсаў «Мастацтва кнігі». Знарок да свята будзе падрыхтаваны і зборнік твораў пісьменнікаў з Рагачоўскай зямлі, які папоўніць серыю «Беларусь літаратурная».

Марына Весялуха 
Звязда, 7 мая 2016
vesіaluha@zvіazda.by

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/331/35433
Текущая дата: 19.11.2024