Белорусский портал в Казахстане

Сустрэчу з некалькімі пакаленнямі ўладальнікаў Нясвіжа арганізуюць у палацы Радзівілаў 14 мая



Пра гэта паведамілі ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку "Нясвіж".

Палац Радзівілаў запрашае гасцей у інтэрактыўны лабірынт гісторыі "Легенды мінулага - захавальнікі будучыні" 14 мая.

Музей-запаведнік і музычны дом "Класіка" арганізуюць музычна-містычную Ноч музеяў у палацы Радзівілаў. У праграме акцыі імправізаваная сустрэча з некалькімі пакаленнямі ўладальнікаў Нясвіжа: Мікалаем Крыштофам Радзівілам Сіроткам, Каролем Станіславам Радзівілам Пане Каханку і Антоніем Вільгельмам Радзівілам.

Усіх гасцей замка чакаюць займальныя прыгоды, новыя адкрыцці і хвалюючая атмасфера палацавых інтрыг. Інтэрактыўны лабірынт пачнецца ва ўнутраным дворыку палаца, адкрые новыя, незвычайныя краявіды з валоў старога замка і пройдзе па раней недаступных тунэлях.

Гістарычную аўру будуць падтрымліваць артысты і салісты музычнага дома "Класіка", народнага тэатра гістарычнага касцюма, школа ірландскага танца "Глорыя", MuzzicDom Orchestra і варта рыцарскага клуба "Полацкі звяз". У канцы лабірынта ўсіх чакае палацавы баль.

Пачатак мерапрыемства запланаваны на 19.00. Нясвіжская Ратуша ў гэты дзень прапануе наведвальнікам анімацыйную інтэрактыўную праграму "Па праву Магдэбургскаму".

З 17.30 да 20.30 тут пройдзе займальнае віртуальнае падарожжа ў свет гарадскога жыцця ХVІІІ стагоддзя, у час якога можна стаць сведкам выканання прысуду магістрацкага суда, пазнаёміцца з войтам горада, паўдзельнічаць у розных інсталяцыях і інтэрактывах.

У выніку госці змогуць скласці ўласнае ўяўленне аб тым, як жылі нясвіжскія мяшчане пад кіраўніцтвам магістрата, падкрэслілі ў Нацыянальным гісторыка-культурным музеі-запаведніку.
______________________________________________

Архітэктурна-культурны комплекс былой рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы - адна са славутасцей Беларусі, занесеная ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гістарычны помнік цікавы не толькі сваімі наземнымі збудаваннямі, але і падзямеллямі і скляпамі. У Нясвіжы акрамя палацава-паркавага ансамбля XVI-XIX стагоддзяў і гарадской Ратушы шырокую вядомасць набылі такія збудаванні, як касцёл Божага цела, Слуцкая брама, Дом рамесніка.

3 мая 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/332/35459
Текущая дата: 19.11.2024