Белорусский портал в Казахстане

Рэспубліканскі фестываль старадаўняй і лютневай музыкі пройдзе ў Пінску



Пра гэта паведаміў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пінскага гарвыканкама Анатоль Ліпко.

Рэспубліканскі фестываль старадаўняй і лютневай музыкі "Старажытныя ўзоры" пройдзе 11-12 лістапада ў Пінску.

Форум адкрые выстаўка-прэзентацыя музычных інструментаў майстроў Піншчыны ў дзіцячай школе мастацтваў "Музычныя сведкі гісторыі".

Там жа адбудуцца майстар-класы з дэманстрацыйным паказам некаторых працэсаў вырабу інструментаў. Сакрэтамі майстэрства падзеляцца Юрый Дубнавіцкі (лютня), Мікалай Ярмальчук (гітара), Руслан Макарэвіч (балалайка). Справа ў тым, што ў Пінску і Пінскім раёне існуе своеасаблівая гільдыя палескіх майстроў, калекцыянераў-рэстаўратараў, якія вырабляюць акадэмічныя (лютні, віёлы, арфы), фальклорныя (домры, балалайкі, цымбалы), духавыя (дудкі), электраінструменты.

Уласна ідэя правядзення фестывалю старадаўняй музыкі належыць аднаму з іх - гітарысту і педагогу Юрыю Дубнавіцкаму.

Акрамя таго, што майстар сам стварыў не менш як тры дзесяткі аўтэнтычных музычных інструментаў, якія ахвотна купляюць у блізкім і далёкім замежжы, на базе Пінскай музычнай школы нумар 1 ён арганізаваў ансамбль старадаўняй музыкі "Сальтарэла". Калектыў, дзе іграюць музыку барока на дакладных копіях інструментаў эпохі Рэнесансу, стаў візітнай карткай Пінска.

Праграмай першага фестывальнага дня запланавана правядзенне чатырох канцэртаў. Чакаецца, што перад слухачамі выступяць народны ансамбль старадаўняй музыкі з Баранавіч "Контрданс", саліст Гродзенскай філармоніі, лаўрэат міжнародных конкурсаў, кампазітар Уладзімір Захараў, лютністкі з Мінска Настасся Клюйко і Ірына Савіцкая, іх калега з расійскага горада Мурама Марына Бялова, іншыя музыканты.

Другі фестывальны дзень практычна поўнасцю будзе прысвечаны конкурсу сярод выканаўцаў на лютні, гітары і скрыпцы. Яго ўдзельнікамі стануць навучэнцы ўстаноў адукацыі і культуры з Беларусі і блізкага замежжа, якія будуць змагацца ў намінацыі "Сольнае выкананне".

Конкурс пройдзе на сцэне Пінскай дзіцячай школы мастацтваў і ў гарадской канцэртнай зале. Для гасцей фестывалю запланавана культурная праграма, якая ўключае ў сябе азнаямленне з горадам, наведванне Музея Беларускага Палесся.

Завершыць форум заключны гала-канцэрт, у якім прымуць удзел як запрошаныя музыканты, так і пераможцы конкурсу выканаўцаў. Чакаецца, што ўсяго ўдзельнікамі фестывалю старадаўняй і лютневай музыкі "Старажытныя ўзоры" стануць каля 150 чалавек.

5 красавіка 2016, Брэст
Святлана Вячорка - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/334/35108
Текущая дата: 19.11.2024