Папулярны ў 1970-х гадах спявак заслужаны артыст БССР Валерый Кучынскі памёр 14 чэрвеня ў Мінску на 69-м годзе жыцця.
Валерый Кучынскі нарадзіўся 23 лютага 1947 года ў горадзе Нікалаеў (Украіна) у сям`і вайскоўца. Службу ў арміі Кучынскі праходзіў у ансамблі песні і танца Беларускай ваеннай акругі. У гэты ж калектыў ён прыйшоў працаваць, з`яўляючыся студэнтам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, якую скончыў у 1970 годзе.
З 1971 па 1979 гады Валерый Кучынскі (барытон) быў салістам беларускай оперы. Лаўрэат прэстыжных конкурсаў вакалістаў імя Глінкі і Чайкоўскага.
Кучынскі аднолькава паспяхова і таленавіта працаваў на опернай сцэне і ў эстрадным жанры. Спявак не раз ўдастойваўся звання лаўрэата ўсесаюзнага тэлеконкурсу "Песня года".
У 1972 годзе быў адзначаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі, а праз два гады атрымаў ганаровае званне заслужанага артыста БССР.
Шмат гадоў Кучынскі працаваў салістам Дзяржтэлерадыё БССР.
Развітанне з Валерыем Кучынскім адбудзецца 16 чэрвеня ў рытуальнай зале № 1 спецкамбіната КБА (вул. Альшэўскага, 12) з 14.00 да 15.00. У арганізацыі пахавання ўдаве Кучынскага дапамагаюць кампазітары Ігар Лучанок і Эдуард Зарыцкі, спявак Уладзімір Правалінскі.
Аксана Яноўская, БелаПАН
Мінск, 15 чэрвеня 2016
Мінск, 15 чэрвеня 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/334/35947
Текущая дата: 29.12.2024