Белорусский портал в Казахстане

Юныя знатакі фальклору пазмагаюцца на Віцебскім абласным аглядзе-конкурсе



Аб гэтым паведамілі ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.

Школьнікі Віцебскага рэгіёна параўнаюць, хто лепш ведае народную культурную спадчыну продкаў, на абласным аглядзе-конкурсе фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі "Ад прашчураў да зор", які пройдзе 27 лютага ў Расонах.

Агляд-конкурс, які ў гэтым годзе ўжо 11-ы раз збярэ дзіцячыя і маладзёжныя калектывы з усёй вобласці, дае магчымасць захоўваць і перадаваць з пакалення ў пакаленне сабраны ў час шматлікіх этнаграфічных і фальклорных экспедыцый матэрыял. Перад адкрыццём свята госці змогуць паглядзець прэзентацыі ўдзельнікаў на выстаўцы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дзе юныя ўмельцы пакажуць сваё майстэрства ў народных рамёствах. А потым 17 калектываў з розных куткоў рэгіёна будуць змагацца ў трох конкурсах: харэаграфічным, музычна-інструментальным і ў турніры парных бытавых танцаў.

"Выступленні танцавальных і музычна-інструментальных ансамбляў павінны грунтавацца на мясцовым фальклорным матэрыяле. У турніры бытавых танцаў пар чакае цэлы марафон - прайсці круг з "Какеткай", "Месяцам", "Суботай" і іншымі танцамі.

Заадно адбываецца абмен тэрытарыяльнымі традыцыямі і асаблівасцямі выканання. Так, чым больш даведаешся новага, тым большай становіцца цікавасць да беларускай культуры, спадчыны продкаў, тым лягчэй далучаць да яе астатніх", - адзначылі арганізатары.

26 лютага 2016, Віцебск
Кацярына Князева - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/336/34797
Текущая дата: 19.11.2024