Белорусский портал в Казахстане

У Мінску пачаўся суд па "справе графіцістаў"



У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 25 студзеня пачаўся разгляд "справы графіцістаў" — Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага і Вячаслава Касінерава.

Працэс вядзе суддзя Ала Скуратовіч.

У зале суда каля 30 чалавек, сярод якіх шмат невядомых асоб у цывільным, як мяркуецца, супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Тых, хто хацеў прайсці ў залу, прапускалі праз металашукальнік, іх старанна надглядалі, здымалі на відэакамеру. Працэс асвятляюць каля дзясятка журналістаў, ёсць праваабаронцы.

У пачатку суда трое прысутных разгарнулі транспарант з надпісам "Не палітычным пераследам" і сталі скандаваць гэты лозунг. Іх вывелі з залы. Відэаздымка забаронена.

Нагадаем, 11 жніўня пяцёра маладых людзей былі затрыманыя па падазрэнні ў нанясенні графіці "Беларусь мае быць беларускай" і "Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...", а таксама псаванні фарбай сацыяльнага бігборда з выявай супрацоўнікаў міліцыі. Дваіх неўзабаве адпусцілі, а трое — Пякарскі, Жаромскі і Касінераў — былі арыштаваныя. 20 жніўня ім выставілі абвінавачанне па ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, учыненае групай асобаў), якая прадугледжвае пакаранне да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Каля месяца Пякарскі, Жаромскі і Касінераў знаходзіліся пад арыштам, затым іх вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Праваабаронцы выступілі з заявай, у якой заклікалі ўлады спыніць крымінальны пераслед маладых людзей, а таксама папярэдзілі, што, калі графіцістаў асудзяць па названым артыкуле, яны будуць прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

У дачыненні да Пякарскага абвінавачанне перакваліфікавалі з арт. 339 на арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці), які прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу, грамадскіх работ або арышту да трох месяцаў. Акрамя таго, з яго знялі абвінавачанне ў псаванні бігборда, але пакінулі абвінавачанні па двух эпізодах з нанясеннем графіці. Экспертыза графіці засведчыла, што прыкмет экстрэмізму ў малюнках не выяўлена.

Жаромскі абвінавачваецца па ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, учыненае групай асобаў) і арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). Яму пакінулі ўсе тры эпізоды справы: нанясенне надпісу "Беларусь мае быць беларускай" і арнаменту, перакрэсленага сярпом з молатам, свастыкай, іншымі сімваламі і выявамі, а таксама нанясенне на былой ваеннай часці надпісу "Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе..." з выявай сілуэта чалавека , які кідае бутэльку з запальнай сумессю. Жаромскі таксама абвінавачваецца ў пашкоджанні фарбай сацыяльнага банэра з выявай супрацоўнікаў міліцыі па вуліцы Гарэцкага ў Мінску, што, паводле ацэнак следства, нанесла матэрыяльны ўрон на 2 млн. 200 тыс. рублёў.

Па справе Касінерава следчыя знялі абвінавачанне ў нанясенні графіці, але пакінулі эпізоды з псаваннем бігборда, а таксама матэрыяльны ўрон, які графіцісты цалкам кампенсавалі. Канчатковае абвінавачанне Касінераву выстаўлена па ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства, учыненае групай асобаў) і арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 25 студзеня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/338/33963
Текущая дата: 18.11.2024