Белорусский портал в Казахстане

Брэсцкая філармонія ў Год культуры арганізуе суботнія паказы для ўсёй сям`і



Аб гэтым паведаміла дырэктар установы культуры Таццяна Калтынаева.

Брэсцкая абласная філармонія ў Год культуры арганізуе па суботах музычныя паказы для ўсёй сям`і, Галоўныя наведвальнікі дзённых мерапрыемстваў - дзеці. Для маленькіх брастаўчан і іх бацькоў артысты філармоніі рыхтуюць розныя музычныя спектаклі, канцэрты класічнай музыкі, невялікія цыркавыя паказы. У займальнай форме дзецям яшчэ з ранняга дзяцінства будуць прывіваць любоў да мастацтва і музыкі ў прыватнасці. Так, 6 лютага пад акампанемент камернага аркестра адбудзецца паказ казкі-прытчы "Маленькі прынц".

У гэтым жа месяцы ансамбль "Рапсодыя" прадставіць музычна-паэтычны паказ - сцэнкі з вясковага быту беларусаў паводле матываў твораў "Паўлінка" і "Несцерка".

Запланаваны і іншыя сюрпрызы. "Сямейныя суботы карыстаюцца папулярнасцю. Многія бацькі гавораць, што з задавальненнем правялі б вечар выхаднога дня ў філармоніі. Таму ў бліжэйшы час мы плануем арганізоўваць кожную суботу забаўляльныя мерапрыемствы і для дарослай аўдыторыі", - расказала Таццяна Калтынаева.

Яна дадала, што праграма выхаднога дня будзе ўключаць канцэрты, спектаклі, музычна-літаратурныя, танцавальныя вечары. Таксама ў Год культуры ў Брэсцкай абласной філармоніі будзе прадоўжана традыцыя правядзення музычных салонаў.

Так, у лютым адбудзецца афіцэрскі баль, на які будуць запрошаны абаронцы Айчыны і іх спадарожніцы жыцця.

А ў пачатку сакавіка плануецца правесці вясенні гарадскі баль.

Усяго ў 2016 годзе брэсцкай філармоніяй на розных пляцоўках Брэста і вобласці будзе арганізавана больш за 800 канцэртаў.

Цікавыя музычныя мерапрыемствы для жыхароў рэгіёна рыхтуюць калектывы ўстановы культуры, будуць запрошаны вядомыя беларускія і замежныя артысты.

У прыватнасці, у бліжэйшы час з канцэртамі Брэсцкую вобласць наведаюць Ірына Алеграва, Наргіз Закірава, экс-саліст легендарных "Песняроў" Леанід Барткевіч.

1 лютага 2016, Брэст
Аляўціна Чарнаволава - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/338/34042
Текущая дата: 18.11.2024