Белорусский портал в Казахстане

Пераможцаў рэспубліканскага конкурсу БРСМ "Валанцёр года - Добрае Сэрца" назвалі 4 снежня ў Мінску



Конкурс "Валанцёр года - Добрае Сэрца" традыцыйна прайшоў у тры этапы (раённы, абласны, рэспубліканскі) і аб`яднаў некалькі соцень дабравольцаў з усіх рэгіёнаў краіны.

У намінацыі "Лепшы валанцёрскі атрад" перамог атрад "Шчасце ў падарунак" пярвічнай арганізацыі БРСМ з правамі раённага камітэта УА "Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання", а таксама атрад "Эдэльвейс" Савецкай раённай арганізацыі БРСМ Гомеля. За асабісты ўклад у развіццё валанцёрскага руху ўзнагароджана камандзір валанцёрскага атрада "Мы - дзецям" пярвічнай арганізацыі з правамі раённага камітэта БРСМ УА "Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт" Марыя Воінава.

У намінацыі "Валанцёрскія справы - у фотааб`ектыве" лепшым прызнаны валанцёрскі атрад "З дабром" Першамайскага раённага камітэта БРСМ Віцебска. У бягучым годзе ўпершыню былі заснаваны дзве новыя намінацыі - "Лепшая група ў сацыяльнай сетцы" і "Разам мы можам больш". У першай перамог Мінскі гарадскі камітэт ГА "БРСМ", а ў другой - валанцёрскі атрад "Цырульнікі" Стаўбцоўскага раённага камітэта БРСМ.

Шматразовы ўдзельнік дабрачыннага марафону БРСМ "Усе фарбы жыцця для цябе" Настасся Ціхановіч адзначыла, што даўно сябруе з саюзам моладзі і прымае ўдзел у многіх дабрачынных канцэртных праграмах. "Я ведаю, наколькі гэта важна. Гэта напаўняе сэнсам тваё жыццё. Трэба любіць тых, хто знаходзіцца побач, таму што так утвараецца правільная энергія - любоў, а на ёй пабудавана ўсё. Таму валанцёрства - гэта яшчэ адна магчымасць прымножыць любоў на Зямлі", - сказала яна.

Кіраўнік эстонскай арганізацыі міжнародных валанцёрскіх праектаў EstYES Аляксандр Курушаў у сваю чаргу адзначыў, што ў Беларусі арганізацыя валанцёрскага руху знаходзіцца на высокім узроўні. "Мноства маладых людзей загараюцца гэтай справай. Юнакі і дзяўчаты поўныя энтузіязму. Лічу, не ва ўсіх еўрапейскіх краінах такое ёсць", - сказаў ён.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 300 чалавек - актывісты валанцёрскага руху, папулярныя артысты беларускай эстрады і творчыя калектывы, юныя артысты школы танцаў на калясках "Дар", выхаванцы сацыяльных устаноў, ганаровыя госці.

4 снежня 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/340/33518
Текущая дата: 19.11.2024