Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка рады, што Беларусь прытуліла шмат дзяцей, асабліва з Украіны



Аляксандр Лукашэнка ўзяў удзел у навагоднім дабрачынным свяце акцыі "Нашы дзеці" 24 снежня ў Палацы Рэспублікі.

Звяртаючыся да дзяцей, кіраўнік дзяржавы сказаў, што ўдзячным ім за тое, што яны "прынялі маленькіх бежанцаў з Украіны ў сваю добрую сям`ю, акружылі клопатам". "Гэта здорава, гэта адпавядае лепшым рысам беларускага народа, і вы іх набываеце", — адзначыў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "мір і працавітыя добрыя людзі — гэта галоўны набытак і сапраўднае багацце Беларусі". "На жаль, не ўсюды ціха і спакойна. Мір, спакой усё больш разбураюцца ў кожнай кропцы нашай планеты", — канстатаваў Лукашэнка. І дадаў: "Рады, што Беларусь прытуліла шмат дзяцей, асабліва з Украіны, дзе сёння неспакойна". 

"Беларуская гасціннасць, любоў да сваёй краіны і імкненне прыйсці на дапамогу блізкім закладзены ў нацыянальнай культуры. Кожнае пакаленне ўносіць свой бясцэнны ўклад у яе скарбніцу, гэта давядзецца рабіць і падрастаючаму пакаленню беларусаў", — адзначыў Лукашэнка. Гэтыя якасці беларускага народа асабліва ярка праяўляюцца ў адказныя моманты гісторыі, так было і ў адыходзячым годзе, сказаў ён. 

Лукашэнка спадзяецца, што падрастаючае пакаленне беларусаў будзе з упэўненасцю глядзець у будучыню, спадзявацца на свае сілы і любіць Беларусь.

Сярод удзельнікаў навагодняга свята былі пераможцы і прызёры творчых і інтэлектуальных спаборніцтваў, выдатныя спартсмены. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў дзяцей з гэтымі дасягненнямі, падзякаваў педагогам. "Мы зробім усё для таго, каб ваш дар, розум, вашы здольнасці не зніклі дарма, каб вы ў сваёй краіне адчувалі сябе патрэбнымі. Гэта самае галоўнае", — падкрэсліў Лукашэнка. Ён пажадаў, каб юныя беларусы "выраслі па-сапраўднаму адукаванымі і культурнымі людзьмі, прымнажалі нацыянальныя багацці, рабілі свет больш добрым і прыгожым". 

Лукашэнка разлічвае, што, "стаўшы дарослымі, юныя беларусы прадоўжаць добрыя традыцыі і ўнясуць свой уклад у працвітанне Айчыны, заўсёды будуць захоўваць мір і згоду на роднай зямлі". 

У падрастаючым пакаленні ўвасабляюцца самыя светлыя мары і надзеі не толькі бацькоў, але і ўсёй краіны, лічыць кіраўнік дзяржавы. "Цудоўна, што ў нас у Беларусі нараджаецца ўсё больш і больш дзяцей. Значыць, мы можам верыць, што нашу Радзіму чакае шчаслівае заўтра", — падсумаваў ён.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 24 снежня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/340/33716
Текущая дата: 19.11.2024