У традыцыйным шэсці ва ўрочышча Курапаты — месца масавых пахаванняў ахвяр сталінскіх рэпрэсій — узялі ўдзел каля 400 чалавек.
11.35. Калона ўдзельнікаў шэсця (прыкладна 300 чалавек) пачала рух ад Мінскага гадзіннікавага завода ва ўрочышча Курапаты. Спераду нясуць тры крыжы, якія будуць устаноўленыя ў Курапатах, а таксама расцяжкі з надпісамі "Дзяды", "Курапаты — наш народны мемарыял", "Беларуская салідарнасць — наш супраціў расейскай акупацыі". Шмат бел-чырвона-белых сцягоў. Сярод удзельнікаў акцыі апазіцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Віталь Рымашэўскі, Павел Севярынец, Юрый Губарэвіч, Юрый Беленькі, Дзмітрый Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык. За тым, што адбываецца, назіраюць людзі ў цывільным, яны вядуць відэаздымку.
11.45. Упершыню за доўгія гады шэсце на Дзяды крыху скарэктавала свой маршрут. З-за будаўніцтва развязкі ў раёне вуліцы Філімонава ўдзельнікі шэсця вымушаныя ісці па другім баку (правым) праспекта Незалежнасці. Міліцыя арганізавала ўдзельнікам шэсця бяспечны пераход у раёне Дзіцячай чыгункі.
11.55. Сёлета Дзяды супалі з Днём усіх святых, адзначыў у гутарцы з БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі. Паводле яго слоў, Дзяды "поўнасцю ўкладваюцца ў парадыгму дзён, прысвечаных памяці беларускіх герояў, пацярпелых за веру, праўду, Айчыну".
Рымашэўскі адзначыў, што сёння гэты дзень не меней актуальны, чым раней. "Апошнім часам у Расіі адбываўся новы віток таталітарызму, адбываецца новая хваля шанавання тыранаў. Мы ж ушаноўваем сваіх сапраўдных герояў", — падкрэсліў палітык. Паводле яго слоў, Дзяды з`яўляюцца добрай магчымасцю данесці да маладых людзей свае ідэі, каштоўнасці.
12.30. Калона мінула будынак Нацыянальнай бібліятэкі. У шэсці ўдзельнічаюць прыкладна 400 чалавек.
Каментуючы лік удзельнікаў акцыі, сустаршыня аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Павел Севярынец сказаў, што "неабходна будзіць людзей". "Грамадства часта ўпадае ў сон, забыццё. Задача актывістаў — яго будзіць", — сказаў Севярынец.
Ён прывёў такі прыклад. Нядаўна палітычныя і грамадскія актывісты праводзілі ў Курапатах талаку з удзелам жыхароў прылеглага мікрараёна Зялёны Луг-7. Жыхарам дамоў мікрараёна раздалі прыкладна тысячу ўлётак, на талаку адгукнуліся дзясяткі, а ў актыўны грамадскі рух уліліся адзінкі з іх. "Але ствараная гэтымі адзінкамі хваля актыўнасці паслужыць у будучыні", калі сітуацыя ў краіне зменіцца, лічыць Севярынец.
Паводле яго меркавання, "Дзяды" павінны быць абвешчаны мемарыяльным днём на дзяржаўным узроўні. "Улады павінны не зганяць палкай, а добраахвотна заклікаць людзей удзельнічаць у добраўпарадкаванні памятных месцаў і месцаў гібелі ахвяр таталітарнага рэжыму. Па тэлебачанні і радыё павінны ісці адпаведныя фільмы і перадачы. Людзі павінны ўспамінаць, што трэба з`ездзіць на магілы да рэпрэсіраваных сваякоў", — сказаў Севярынец.
"Курапацкі крыж — гэты пачатак сістэмы каардынат Беларусі, — падкрэсліў ён. — Там пачалося нацыянальнае адраджэнне. Штогод людзі да яго вяртаюцца. Мы павінны захаваць і перадаць наступнаму пакаленню пачуццё гэтага пункту адліку нацыянальнай сістэмы каардынат".
12.40. Намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Юрый Беленькі паведаміў, што арганізатары акцыі звярнуліся ў Мінскі аблвыканкам з просьбай вызваліць іх ад аплаты паслуг дзяржустаноў, якія задзейнічаныя пры правядзенні сённяшняга мерапрыемства (ахова грамадскага парадку, медабслугоўванне, супрацьпажарная бяспека). Адказу на іх зварот пакуль няма.
Беленькі таксама паведаміў, што пакуль не атрымаў адказ на заяўку аб правядзенні 8 лістапада шэсця і мітынгу ў Лошыцкім яры ў памяць пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Верагодна, адказ будзе дадзены ў пачатку наступнага тыдня, сказаў палітык.
13.25. Лідар руху "Разам" Вячаслаў Сіўчык заўважыў, што ў параўнанні з іншымі акцыямі апазіцыі шэсце на Дзяды праходзіць з удзелам большай колькасці людзей. Паводле яго меркавання, такія "дробныя аспекты", як колькасць удзельнікаў, "не павінны засланяць самае галоўнае — ідэю". "Не трэба забываць, што гэта мерапрыемства праходзіць, калі ў Беларусі ўжо 20 гадоў ва ўладзе Лукашэнка", — падкрэсліў Сіўчык.
Паводле яго слоў, для "беларусаў культ памяці продкаў — гэта абсалютна натуральная з`ява, вытокі якой сыходзяць яшчэ ў дахрысціянскую эпоху". "Пасля хрышчэння гэта абрадавае свята перайшло ў царкоўныя календары ўсіх хрысціянскіх канфесій", — дадаў палітык.
Ён таксама адзначыў, што ў розныя часы ў розных кутках Беларусі было ад чатырох да васьмі дзён памяці продкаў. У якасці аднаго з прыкладаў ён прывёў Радаўніцу, якую " не змаглі перамагчы нават камуністы". "Гэта наша ментальнасць — звяртацца да продкаў, паважаць іх памяць", — сказаў Сіўчык.
На думку палітыка, рана ці позна "Дзяды" будуць адзначаць на дзяржаўным узроўні, яны стануць выхадным днём. "Не думаю, што вернуцца ранейшыя абрадавыя традыцыі, але ў гэты дзень людзі проста будуць думаць, што трэба ездзіць на магілы да сваіх памерлых сваякоў", — лічыць Сіўчык.
Ён таксама адзначыў, што адным з самых моцных беларускіх твораў з`яўляецца паэма "Дзяды" Адама Міцкевіча. "Не глядзіце, што яна напісана па-польску. Мова — гэта не ўсё, што вызначае ментальнасць", — перакананы Сіўчык.
14.30. Удзельнікі шэсця прыйшлі ва ўрочышча Курапаты, дзе павінен прайсці мітынг.
14.40. Пачаўся мітынг. Яго адкрыў сакратар управы КХП-БНФ Валерый Буйвал. Ён зачытаў зварот лідара партыі Зянона Пазняка, які жыве ў эміграцыі.
14.50. "Сёння — дзень памяці продкаў, вялікае беларускае свята. Наша гісторыя трапіла ў зону рускага камуна-фашызму, калі забівалі толькі за тое, што мы — беларусы", — гаворыцца ў звароце Зянона Пазняка.
Курапаты ён назваў "самым вялікім могільнікам у свеце, дзе ляжыць чвэрць мільёна забітых". "А маскоўскія варвары засталіся беспакаранымі, зараз яны працягваюць забіваць у Сірыі, ва Украіне", — адзначыў Пазняк.
Расія, гаворыцца ў яго звароце, плануе знішчэнне беларусаў, гэтак жа, як знішчала ўкраінцаў, — "20 гадоў разбураючы школу і мову, рабуючы народ". Пазняк перакананы, што беларускі народ "павінен рыхтавацца да бітвы за волю і незалежнасць". "Яны (рускія) заўсёды забівалі лепшых людзей, знішчалі генафонд нацыі: спецыялістаў, святароў, паэтаў, мудрацоў. Так заўсёды рабіла маскоўская чэрнь", — падкрэсліваецца ў звароце палітыка.
Ён таксама нагадвае пра падзеі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, калі НКУС знішчыў у Мінску больш за 100 прадстаўнікоў беларускай эліты. Такія карныя акцыі працягваліся аж да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, адзначыў Пазняк. "Немцы скінулі бомбы на Мінск, а камуністы ўсё яшчэ расстрэльвалі тут людзей. Не немцы спалілі Мінск, а маскоўцы ў 1941-м, не немцы разбамбілі Мінск, а маскоўцы ў 1943—1944 гадах. Яны выкарыстоўвалі вайну, каб знішчыць пабольш беларусаў", — лічыць лідар КХП-БНФ.
"Закон вайны гаворыць пра помсту, закон жыцця — пра памяць продкаў, — адзначаецца ў звароце Пазняка. — Калі б гэтыя людзі ў Курапатах усталі з магіл і рушылі ў горад, заўтра мы жылі б у іншай краіне. Але ўстаць могуць толькі жывыя. У Дзядах — наша сіла, няхай яна дапаможа здабыць сваё шчасце".
15.10. Як заявіў на мітынгу Юрый Беленькі, у тым, што адбылося ў Курапатах у 1937 годзе, вінаватая Расія, якая, паводле яго слоў, стала "спадчыннікам татара-мангольскага дэспатызму". Гэты дэспатызм, паводле слоў палітыка, праяўляецца і сёння ў кіраўніцтва Расіі — як у стаўленні да сваіх грамадзян, так і да іншых краін. "Менавіта ў гэтым дэспатызме і адлюстроўваецца сутнасць "загадкавай рускай душы", — лічыць Беленькі.
Паводле яго меркавання, пры пэўным развіцці сітуацыі Расія можа паўтарыць 1930-я гады. "Яны паўтарылі іх у Чачні. Яны хочуць задушыць волю да супраціўлення і ў іншых краінах, зрабіць людзей рабамі. Забіць у чалавеку хрысціянскі дух", — сказаў Беленькі.
У Беларусі, паводле яго слоў, сёння запраўляе "васальскі расійскі рэжым, які жадае забіць дух беларускага народа". "Супраць нас ідзе інфармацыйная вайна. Што рабіць? Размаўляйце па-беларуску, адраджайце беларускую культуру, насіце нацыянальныя сімвалы", — заявіў намеснік старшыні КХП-БНФ.
Звяртаючыся да тых, "для каго не важныя нематэрыяльныя каштоўнасці", Беленькі адзначыў: "Але акупант ніколі не дасць вам добрага эканамічнага развіцця. Ён не прынясе дабрабыту вашай краіне. У яго іншая мэта — не даць вам развівацца".
Палітык заклікаў "не даць зрабіць сябе біяробатамі-ватнікамі". "Мы павінны быць высокаадукаванай дэмакратычнай нацыяй, якая любіць сябе, паважае іншыя народы, з аптымізмам глядзіць у будучыню", — заявіў Беленькі.
Ён таксама выказаў салідарнасць з украінскім народам, "які абараніў свой суверэнітэт і ваюе за сваю будучыню".
15.15. Сакратар управы КХП-БНФ Алесь Чахольскі заклікаў людзей ахвяраваць больш грошай на выраб і ўстаноўку новых крыжоў у Курапатах. Ён выказаў падзяку маладым прадстаўнікам беларускага бізнесу, якія зрабілі свой "невялікі, але важны ўнёсак у гэту справу". Чахольскі падкрэсліў, што важна атрымліваць сродкі ад свайго народа. "Толькі ў гэтым выпадку нацыянальныя палітыкі не будуць знаходзіцца ні пад чыім уплывам", — перакананы ён.
Чахольскі звярнуў увагу на палітыку Захаду ў дачыненні да беларускіх улад пасля прэзідэнцкіх выбараў. Паводле яго меркавання, апазіцыя не павінна мець ілюзій у дачыненні да заходніх краін. "Захад заўсёды будзе дзейнічаць зыходзячы са сваіх інтарэсаў, мы ж павінны працаваць у нацыянальных інтарэсах", — сказаў ён.
Палітык паведаміў, што ўлады Мінаблвыканкама патрабуюць ад арганізатараў акцыі заплаціць грошы за ахову правапарадку, медыцынскае суправаджэнне. "Гэта поўнасцю амаральныя людзі. Я параіў бы Шапіру (старшыня Мінаблвыканкама) узяць сваіх людзей, з`ездзіць у Бухенвальд, Асвенцым. Папросяць іх там заплаціць за ахову правапарадку?" — сказаў Чахольскі.
Ён нагадаў, што ў вёсцы Хайсы Віцебскага раёна — так званых "віцебскіх Курапатах" — знішчаецца месца пахавання ахвяр таталітарызму. "Там працуюць не археолагі, а пошукавы батальён, які проста выкопвае косці. А гэту працу павінны праводзіць спецыялісты, даследаваць так, як даследаваў Курапаты Пазняк", — заявіў Чахольскі. Паводле яго слоў, ёсць шмат сведчанняў таму, што ў Хайсах дзейнічалі не нямецкія карныя атрады, а НКУС.
Прадстаўнік КХП-БНФ заклікаў моладзь берагчы беларускую мову і культуру. "Гэта — аснова нацыі, — падкрэсліў ён. — Гавары па-беларуску, хадзіце на курсы. Толькі такая праца дасць вынік. Мы не можам больш дазваляць знішчаць наш народ. Расійская імперыя разваліцца, як і СССР, але мы не павінны дапусціць, каб адбылося тое ж, што і ў 1994 годзе".
15.20. Мітынг у Курапатах завяршыўся выкананнем гімна "Магутны Божа". Цяпер удзельнікі акцыі ўстанаўліваюць тры крыжы, якія неслі падчас шэсця.
Дзяды штогод адзначаюцца 2 лістапада. Арганізатарам шэсця ў Курапаты з`яўляецца Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ. У Курапатах у 14.30 плануецца мітынг. Шэсце пройдзе па маршруце: пр. Незалежнасці — вул. Каліноўскага — вул. Сядых — вул. Карбышава — вул. Гамарніка — вул. Мірашнічэнкі — Мінская кальцавая аўтамабільная дарога (падземны пераход пад МКАД да ўрочышча Курапаты). Заяўленая колькасць удзельнікаў акцыі — да пяці тысяч чалавек.
Шэсце і мітынг санкцыянаваны Мінскім гарвыканкамам і Мінскім аблвыканкамам. Як паведаміў на прэс-канферэнцыі 27 кастрычніка намеснік старшыні КХП-БНФ Юрый Беленькі, у распараджэнні за подпісам старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры ўтрымліваецца патрабаванне да арганізатараў забяспечыць падчас мітынгу ў Курапатах ахову грамадскага парадку, медабслугоўванне і супрацьпажарную бяспеку.
Гэта патрабаванне Беленькі назваў неправамерным з заканадаўчага і маральнага пункту гледжання. Палітык нагадаў, што год таму ён быў аштрафаваны за неаплату паслуг міліцыі, якая забяспечвала парадак на мерапрыемстве. Аднак падчас суда высветлілася, што, напрыклад, з БРСМ (праўладная грамадская арганізацыя "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі") грошай пры правядзенні мерапрыемстваў улады не бяруць.
Такім чынам, заявіў Беленькі, улады парушаюць артыкул 190 Крымінальнага кодэкса (парушэнне раўнапраўя грамадзян), а таксама артыкул 426 КК (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў), паколькі рашэнне пра неабходнасць аплаты паслуг павінна было прымацца калегіяльным органам, а не зацвярджацца распараджэннем старшыні. Намеснік старшыні КХП-БНФ заявіў, што калі аблвыканкам не вызваліць арганізатараў ад аплаты паслуг дзяржслужбаў, то яны будуць звяртацца ў пракуратуру.
Сяргей Каралевіч, Захар Шчарбакоў
БелаПАН, Мінск, 1 лістапада 2015
БелаПАН, Мінск, 1 лістапада 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/341/33131
Текущая дата: 18.11.2024