Пра гэта паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС.
26 лістапада ў МУС Беларусі адбылася нарада па пытаннях рэалізацыі дэкрэта прэзідэнта № 6 "Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў" ад 28 снежня 2014 года.
Гэта мерапрыемства — першае такога ўзроўню. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх структур, мабілізаваных для барацьбы на антынаркатычным фронце, — МУС, Міністэрства аховы здароўя, Мінадукацыі, іншых зацікаўленых ведамстваў, грамадскіх аб`яднанняў і Беларускай праваслаўнай царквы.
Паводле слоў часовага выканаўцы абавязкаў на пасадзе міністра ўнутраных спраў Валянціна Міхневіча, які адкрыў нараду, ёсць бясспрэчныя станоўчыя вынікі, галоўны з якіх — скарачэнне попыту і прапановы на наркарынку. За год на 16% скарацілася колькасць асоб, дастаўленых з перадазіроўкай, стала менш на 40% смяротных зыходаў.
Калі летась прырост нарказлачыннасці складаў прыкладна 50%, то сёння — 0,9%. Прычым, па прагнозах начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі МУС Васіля Лосіча, гэты паказчык да канца года будзе набліжаны да нуля.
Аднак, паводле слоў Міхневіча, барацьба з наркотыкамі яшчэ далёкая ад свайго завяршэння, застаецца шэраг праблемных пытанняў, якія патрабуюць вырашэння на ўсіх узроўнях. Адзін з галоўных шляхоў для дасягнення мэты, паводле яго меркавання, гэта пошук новых форм прафілактыкі. І МУС, як галоўны каардынатар барацьбы з наркотыкамі, заклікае ўнесці адпаведныя прапановы ад прадстаўнікоў зацікаўленых ведамстваў.
Удзельнікі сустрэчы абмяняліся думкамі наконт рэалізацыі комплекснага плана, скіраванага на прыняцце эфектыўных мер па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, прафілактыцы іх спажывання, у тым ліку сярод дзяцей і моладзі, сацыяльнай рэабілітацыі асоб, хворых на наркаманію.
Першы прарэктар Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Аляксандр Іваноўскі, напрыклад, лічыць, што ў пытаннях барацьбы з наркотыкамі неабходна прымаць разнастайныя меры — адміністрацыйныя, эканамічныя, сацыяльна-псіхалагічныя. Толькі комплекс метадаў можа даць пэўны поспех.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 26 лістапада 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/341/33402
Текущая дата: 18.11.2024