Белорусский портал в Казахстане

Кампанія Google запусціла лакалізаваную для Беларусі версію сэрвісу YouTube



Кампанія Google запусціла "YouTube Беларусь" — лакалізаваную версію папулярнай відэаплатформы, якая дазволіць беларускім карыстальнікам інтэрнэту зносіцца, ствараць відэа і дзяліцца ім на дамене youtube.by.

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе Google, лакальная версія YouTube прэзентуе самыя папулярныя беларускія відэаролікі і адкрые новыя магчымасці для таленавітых стваральнікаў відэакантэнту, блогераў, тэлекампаній, рэкламадаўцаў і брэндаў з Беларусі.

Беларусы ўжо даўно глядзяць і загружаюць відэа на глабальным дамене youtube.com, ствараюць уласны відэакантэнт. Паводле звестак даследчай кампаніі TNS, ахоп YouTube ў Беларусі складае 64% інтэрнэт-карыстальнікаў старэйшых за 18 гадоў. Кожны трэці глядзіць анлайн-відэа гэтак жа часта, як і ТБ, а 27% — заходзяць на платформу штодзённа. Беларускі карыстальнік YouTube аддае перавагу музыцы, камедыйным шоу, дзіцячаму кантэнту, аматарскім відэа, відэаінструкцыям.

"Афіцыйны запуск YouTube ў Беларусі дазволіць беларускім стваральнікам відэакантэнту больш эфектыўна прапагандаваць свае ролікі не толькі ў краіне, але і ва ўсім свеце. Тым самым кампанія Google будзе садзейнічаць развіццю благасферы Беларусі і выступіць кансультантам для беларускіх відэаблогераў, аўдыторыя якіх пастаянна расце. Ужо сёння, паводле нашых звестак, 49% карыстальнікаў байнэту фарміруюць меркаванне і прымаюць рашэнне аб куплі чаго-небудзь пасля прагляду відэа на YouTube. Таксама для больш прадуктыўнага супрацоўніцтва блогераў і бізнесу мы запускаем у Беларусі партнёрскую праграму YouTube", — пракаментавала запуск лакальнай версіі YouTube Наталля Карабко, менеджар Google па развіцці бізнесу ў Беларусі.

Цяпер любы беларускі карыстальнік YouTube, які стварае арыгінальны кантэнт, можа стаць удзельнікам партнёрскай праграмы YouTube і актываваць манетызацыю. YouTube размяшчае рэкламу на каналах карыстальнікаў — удзельнікаў партнёрскай праграмы, а аўтары кантэнту самастойна вызначаюць, якія відэа манетызаваць, а якія пакінуць без рэкламы. Даход ад паказу рэкламы ў відэароліках не адзіная перавага партнёрскай праграмы, у партнёраў таксама ёсць магчымасць пашыраць аўдыторыю свайго канала і сачыць за яго эфектыўнасцю.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 1 кастрычніка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/343/32792
Текущая дата: 18.11.2024