25—26 ліпеня ў музейным комплексе "Дудуткі" праходзіць VII міжнародны фестываль сярэднявечнай культуры і музыкі "Наш Грунвальд", прысвечаны 605-й гадавіне легендарнай Грунвальдскай бітвы.
Гледачы ўбачылі турніры збраяносцаў і рыцараў, спаборніцтвы лучнікаў і алебардыстаў, бугурт (масавая бітва), выступленне танцавальных калектываў, майстар-класы, старадаўнія гульні.
Цэнтральнай падзеяй фестывалю стала рэканструкцыя бітвы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 года на ўзгорыстым полі каля мястэчка Грунвальд паміж войскамі Тэўтонскага Ордэна і войскамі саюзнікаў — Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. У рэканструкцыі бітвы ўзялі ўдзел прадстаўнікі клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы.
Удзельнік ваенна-гістарычнага клуба (Гомель): "Я ўжо на фестывалі страціў 10 кг. Кампенсую культурным адпачынкам у вячэрні час. Але ўсё ў межах разумнага".
Канстанцін Чармошанцаў, навуковы супрацоўнік музейнага комплексу "Дудуткі": "Фестываль "Наш Грунвальд" сабраў больш за 600 удзельнікаў з Беларусі, Украіны, Расіі, Літвы, Польшчы. Фестываль праходзіць сёмы раз, рэканструкцыя бітвы — традыцыйная. Прысвечана падзеям, якія адбыліся 15 ліпеня 1410 года пад Грунвальдам, калі войскі саюзнікаў Каралеўства Польскага і ВКЛ разграмілі кааліцыю Тэўтонскага ордэна і тым самым вызначылі дамінантнае становішча ў рэгіёне. Паколькі большая частка прадстаўнікоў ВКЛ была беларусамі, то мы справядліва лічым, што гэта мерапрыемства варта адзначаць не толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі. І вось ужо сем гадоў так і робім".
БелаПАН, 26 ліпеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/345/32140
Текущая дата: 18.11.2024