Народны артыст Беларусі, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Сяргей Журавель памёр 13 жніўня ў Мінску на 62-м годзе жыцця.
Як паведаміў загадчык трупы Купалаўскага тэатра Міхаіл Маеў, апошнім часам у акцёра былі праблемы з ціскам. Магчыма, гэта паўплывала на трагічны зыход.
Развітанне з народным артыстам адбудзецца ў панядзелак, 17 жніўня, у 11.00 на галоўнай сцэне Купалаўскага тэатра. У 14.00 яго пахаваюць на Усходніх (Маскоўскіх) могілках сталіцы.
Сяргей Журавель нарадзіўся 1 чэрвеня 1954 года ў Мінску. У 1976 годзе скончыў тэатральны факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), атрымаўшы спецыяльнасць акцёра драматычнага тэатра і кіно.
Пасля завяршэння вучобы і да 1985 года працаваў у Беларускім рэспубліканскім тэатры юнага гледача, потым — у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры. З 2009 года ўваходзіў у склад трупы Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
У 1999 годзе Сяргей Журавель стаў лаўрэатам прэміі імя Ігната Буйніцкага, а ў 2011-м яму было прысвоенае званне народнага артыста Беларусі.
Апошняй работай Сергея Жураўля была роля Яцака Сапліцы ў "Пане Тадэвушы" паводле Адама Міцкевіча.
Тэатразнавец Вячаслаў Ракіцкі напісаў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку": "Памёр Сяргей Журавель… Выбітны беларускі акцёр. Больш слоў няма, толькі адчай… Светлая памяць".
Мінск, 14 жніўня 2015
Мінск, 14 жніўня 2015
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/345/32393
Текущая дата: 18.11.2024