12 чэрвеня рабочыя зафарбавалі надпіс на пастаменце бюста рускага паэта Аляксандра Пушкіна, устаноўленага нядаўна каля вучэбнага корпуса Магілёўскага дзяржаўнага бібліятэчнага каледжа.
Нагадаем, 6 чэрвеня, у дзень нараджэння вялікага паэта, каля вучэбнага корпуса каледжа, які носіць яго імя, быў урачыста адкрыты бюст. На яго пастаменце выбіты ўрывак з пушкінскага твору "Паклёпнікам Расіі", які пачынаецца са слоў "Иль нам с Европой спорить ново, иль русский от побед отвык?".
Пасля ўрачыстага адкрыцця ў мясцовых і рэспубліканскіх СМІ з`явіліся негатыўныя водгукі на ўрывак. На думку шэрагу прадстаўнікоў грамадскасці, у гэтым пэўным урыўку выказваецца агрэсіўнае стаўленне Расіі да іншых народаў і краін. Пазней прадстаўнік гарвыканкама заявіў пра намер выдаліць надпіс, улічваючы неадназначнае ўспрыманне тэксту мясцовымі жыхарамі.
Цяпер надпіс на пастаменце акуратна зафарбаваны густой карычневай фарбай пад колер пастамента. Ніякіх літар пад яе слоем не праглядаецца.
Бюст Пушкіна быў перададзены ў дар Магілёву ўдзельнікамі расійскага праекта "Алея расійскай славы", якія бясплатна вырабляюць і ўстанаўліваюць у гарадах Расіі і краін СНД бюсты і помнікі людзям, якія праславілі расійскую культуру і расійскую дзяржаву.
БелаПАН, 12 чэрвеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/347/31448
Текущая дата: 18.11.2024