У Мсьціславе паўсотні беларускіх дайвэраў разам з гісторыкамі, студэнтамі, прадстаўнікамі мясцовай грамадзкасьці і ўлады на працягу двух дзён маюць намер пачысьціць дно ракі Віхры.
Сваю акцыю, якая праходзіць пад эгідай міжнароднай арганізацыі аховы прыроды, яны распачалі 5 чэрвеня. Прымеркаваная яна да Міжнароднага дня аховы навакольнага асяродзьдзя.
Летась у Віхры знайшлі парэшткі рыцара з дасьпехамі 15-га стагодзьдзя. Дасьпехі гэтыя ўнікальныя тым, што яны падкрэсьліваюць прыналежнасьць рыцарскага абмундзіраваньня да заходнеэўрапейскай мілітарнай традыцыі. Дайвэры не выключаюць, што нешта падобнае льга будзе адшукаць і гэтым разам. Аднак, паводле іх, мэта акцыі экалягічная — зрабіць рэчку ў межах старажытнага Мсьціслава чысьцейшай. Дайвэры кажуць, што Віхра забруджаная бытавымі адкідамі, хоць звонку і выглядае дагледжанай.
Паводле гісторыка Ігара Марзалюка, на Віхры і прылеглай тэрыторыі, як выявілі археалягічныя досьледы, прадстаўленыя ўсе пэрыяды гісторыі Беларусі. Таму і вырашана было правесьці тут агульнанацыянальную экалягічную акцыю. Гісторык зазначае, што гэтую акцыю падтрымала мясцовая ўлада.
«Гэта першая падводная археалягічная акцыя ў незалежнай Беларусі. Усе знойдзеныя каштоўнасьці будуць адрэстаўраваныя і перададзеныя ў мсьціслаўскі музэй», — заўважае Ігар Марзалюк.
«Мы хочам зрабіць Мсьціслаў гісторыка-археалягічным запаведнікам, а саму Віхру ў межах гораду — помнікам археалёгіі. Гэтая акцыя — пачатак сыстэмных, глыбокіх досьледаў усяго мікрарэгіёну вакол Мсьціслава. Наша мэта — зрабіць гэты годны горад цэнтрам турызму ў Беларусі».
13 гадоў запар такія, як на Віхры, акцыі ініцыюе дайвэр-цэнтар зь Менску «Марскі Пэгас». Ягоны кіраўнік Андрэй Ліхачоў зазначае, што абранае сёлета месца — гістарычнае.
«Гэтае месца насычанае гісторыяй. Тут праходзілі пераправы ды бітвы. Тут кожны мэтар пад вадой — у знаходках. І тут жа гэта бытавое сьмецьце. Таму наша мэта — правесьці тут ачыстку, каб далей можна было праводзіць падводныя археалягічныя пошукі», — кажа Андрэй Ліхачоў.
«Мы тут некалькі сэзонаў ужо праводзім акцыі разам з навукоўцамі-археолягамі. Кожная экспэдыцыя, кожнае наша пагружэньне даюць каштоўныя знаходкі. Гістарычны пэрыяд, які ахопліваюць знаходкі, дужа шырокі. Ад дужа старажытных часоў да Другой усясьветнай вайны. Самая вядомая знаходка — гэта дасьпехі рыцара. Але хачу зьвярнуць увагу, што знайшлі парэшткі рыцара — невядомага салдата сярэднявечча, які змагаўся за Мсьціслаў».
«У нас даволі чыстая краіна, але сьмецьце ёсьць, і гэта праблема, — працягвае Андрэй Ліхачоў. — Пра яе трэба гаварыць. Сьмецьця многа. Нават на тэрыторыях пад асаблівай аховай мы ўсё роўна зьбіраем сьмецьце. Іншым разам да паўтоны. Праблема сьмецьця, якое застаецца на месцах адпачынку, яшчэ больш актуальная для Беларусі. Наша задача — прыцягнуць увагу грамадзкасьці да такой праблемы. Данесьці да людзей, каб прыбіралі за сабой. Цяпер жа мяхі для сьмецьця няцяжка купіць. Калі на берагах сьмецьце зьбіраюць адпаведныя службы, то пад вадой яго мала хто бачыць».
Акцыя дайвэраў валянтэрская. Паводле Андрэя Ліхачова, ня менш важны для яе ўдзельнікаў і грамадзкі рэзананс — каб людзі ведалі, што варта за сабой прыбіраць. 6 чэрвеня ўдзельнікі акцыі падвядуць вынікі.
Што да знойдзеных летась рыцарскіх дасьпехаў, то, паводле гісторыка Ігара Марзалюка, яны належалі ваяру сярэдняй рукі. Зробленыя яны на заходнеэўрапейскі ўзор.
Радыё Свабода, 5 чэрвеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/348/31322
Текущая дата: 18.11.2024