Белорусский портал в Казахстане

У Мінскім заапарку 14 сакавіка адкрываецца экзатарыум жывёл Паўднёвай Амерыкі



Аб гэтым паведамілі ў заапарку,

Новая экспазіцыя размясцілася ў вялікай купалападобнай пабудове са шкляным дахам і сценамі. У экзатарыуме можна будзе ўбачыць такія віды малпаў, як сайміры, тамарыны, капуцыны, балівійскія мірыкіны, а таксама іншых млекакормячых: ягуараў, пум, ацалотаў, учэпістахвостых дзікабразаў, капібар, ачковых лістаносаў і іншых. Апрача таго, у новым павільёне будуць прадстаўленыя водныя чарапахі, крадзілавыя кайманы, рэдкія віды змей, экзатычныя марскія і прэснаводныя рыбы, трапічныя птушкі — туканы, папугаі.

"Больш як два гады супрацоўнікі заапарка вялі пошук насельнікаў для экзатарыума. Апошнім часам атрымалі ягуараў — двух звычайных і аднаго чорнага, тапіра, пару капібар, некалькі відаў малпаў. А некаторыя жывёліны, напрыклад агуці, чарнахвостыя лугавыя сабачкі, насухі, ужо даўно чакалі перасялення на пастаяннае месца жыхарства. Зараз вядуцца перамовы аб набыцці яшчэ некалькіх відаў жывёл", — сказалі ў заапарку.

Новы павільён уключае як адкрытыя вулічныя вальеры, так і ўнутраныя памяшканні для ўтрымання жывёл у халодную пару года. "Унутры павільёна створаны мікраклімат, блізкі да прыроднага, характэрнага для субтропікаў. У вальерах шмат вадаёмаў, ёсць ляжанкі з падагрэвам. У цэнтры экспазіцыі — сяміметровы вадаспад", — зазначылі ва ўстанове.

Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 14 сакавіка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/353/30098
Текущая дата: 18.11.2024