Белорусский портал в Казахстане

Адкрыты прыём заявак на ўдзел у XXII Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад"



Пра гэта паведамілі арганізатары фестывалю.

Адкрыты прыём заявак на ўдзел у XXII Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад", які пройдзе з 6 па 13 лістапада.

Конкурсная праграма ММКФ "Лістапад" складаецца з трох секцый: ігравога кіно (асноўны конкурс і конкурс "Маладосць на маршы"); дакументальнага кіно (асноўны конкурс і конкурс нацыянальных кінашкол); конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік".

У конкурсах могуць удзельнічаць фільмы, створаныя за два апошнія гады. Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 6 верасня.

Да ўдзелу ў асноўным конкурсе ігравога кіно ММКФ "Лістапад" прымаюцца поўнаметражныя фільмы, створаныя ў краінах былога СССР і дзяржавах былога сацыялістычнага блока, адзначаныя прызамі міжнародных кінафестываляў і атрымаўшыя высокую ацэнку кінематаграфістаў і гледачоў.

На конкурс ігравога кіно "Маладосць на маршы" прымаюцца поўнаметражныя дэбютныя работы рэжысёраў з усяго свету.

Асноўны конкурс дакументальнага кіно "Лістапада" адкрыты для поўнаметражных, сярэднеметражных і кароткаметражных фільмаў, створаных у краінах былога СССР і дзяржавах былога сацыялістычнага блока і адзначаных міжнароднымі прызамі.

У конкурсе маладога дакументальнага кіно - конкурсе нацыянальных кінашкол прымаюць удзел прадстаўнікі кінашкол з розных краін свету, кожная з якіх прадстаўляе выдатныя студэнцкія работы, у тым ліку дыпломныя.

Удзельнікам нацыянальнага конкурсу ММКФ "Лістапад" можа стаць любы кінафільм, створаны або спрадзюсіраваны беларускімі кінематаграфістамі ў Беларусі і за яе межамі.

На конкурс дзіцячага і юнацкага кіно "Лістападзік" адбіраюцца поўнаметражныя ігравыя і анімацыйныя работы кінематаграфістаў свету.

Больш падрабязна з парадкам, умовамі і тэрмінамі падачы заявак можна азнаёміцца на афіцыйным сайце фестывалю.

Галоўныя прызы размяркоўваюцца рашэннем міжнароднага журы кінематаграфістаў. У час фестывалю таксама выбіраецца фаварыт глядацкага галасавання.

У ММКФ "Лістапад" штогод удзельнічае амаль 150 фільмаў больш як з 45 краін, праходзіць больш за 200 сеансаў на шасці пляцоўках. Паказы фільмаў суправаджаюцца сустрэчамі гледачоў з аўтарамі. Праграму дапаўняюць майстар-класы і рэтраспектыўныя паказы. ММКФ "Лістапад" кожны год наведваюць да 40 тыс. гледачоў і больш за 100 гасцей з усяго свету.

Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" - прыкметная і вельмі значная кінападзея ў Беларусі. Фестываль акрэдытаваны Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF) як конкурсны фестываль фільмаў краін Балтыі, Цэнтральнай Азіі, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Заснавальнікамі ММКФ "Лістапад" з`яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.

17 сакавіка 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/353/30125
Текущая дата: 18.11.2024