Белорусский портал в Казахстане

Белдзяржцырк плануе правесці дзіцячы фестываль цыркавога мастацтва



Аб гэтым 5 лютага заявіў дырэктар Белдзяржцырка Уладзімір Шабан.

Ідэя правядзення дзіцячага фестывалю цыркавога мастацтва належыць мастацкаму кіраўніку Белдзяржцырка Вітаўтасу Грыгалюнасу. Рэалізаваць яе плануюць восенню.

Як адзначыў Уладзімір Шабан, гэта мерапрыемства стане рэпетыцыяй іншага буйнога фестывалю, які пройдзе ў Беларусі. "Так, мы рыхтуем фестываль. Але спачатку хочам паглядзець рэзерв - выступленні дзіцячых самадзейных цыркавых студый, якіх налічваецца прыкладна 14 па рэспубліцы", - падкрэсліў дырэктар.

Таксама ён адзначыў, што ў арганізацыі рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў важны вопыт. У прыклад Уладзімір Шабан прывёў сваю калегу - дырэктара Рыжскага цырка Лаліту Ліпінску, якая дастойна арганізавала "Залаты Карл-2015". "Яна мэтр у гэтых справах. Да гэтага месяц не спала і ў час фестывалю працавала пяць сутак на знос. Гэта патрабуе самааддачы, улічваючы, што штат невялікі", - адзначыў Уладзімір Шабан.

Паводле яго слоў, у Белдзяржцырка ў гэтым плане больш магчымасцей. "Мы маем багатую базу, вялікі штат артыстаў, магчымасці - рэпетыцыйны манеж, асноўны, зменныя манежы", - рэзюмаваў дырэктар.

5 лютага 2015, Мінск
Ганна Сушкова - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/357/29480
Текущая дата: 18.11.2024