Белорусский портал в Казахстане

Чацвёртае выданне Чырвонай кнігі Беларусі будзе апублікавана ў 2015 годзе



Аб гэтым паведаміла 5 лютага ў час падагульняючай калегіі Мінпрыроды першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Ія Малкіна.

"Сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук мы перагледзелі спісы рэдкіх відаў дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, што ўключаюцца ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, чацвёртае выданне якой будзе апублікавана ў бягучым годзе", - сказала яна. 

Ія Малкіна адзначыла, што даныя маніторынгу жывёльнага і расліннага свету даюць магчымасць канстатаваць адсутнасць адмоўнай дынамікі колькасці рэдкіх відаў.

Акрамя таго, у 2014 годзе супрацоўнікі Мінпрыроды вялі актыўную работу па захаванні зубра, колькасць якога дасягнула 1134 асобіны. Для прадаўжэння сістэмнай работы па захаванні гэтага віду ўрад распрацаваў і зацвердзіў план мерапрыемстваў па захаванні і рацыянальным выкарыстанні зуброў на 2015-2019 гады.

Чырвоная кніга Беларусі - афіцыйнае выданне, што змяшчае анатаваны спіс рэдкіх відаў і відаў (падвідаў) дзікіх жывёл і дзікарослых раслін, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення на тэрыторыі Беларусі. Яна была заснавана ў 1979 годзе. Першае выданне выйшла ў 1981 годзе, другое - у 1993, трэцяе выданне выйшла ў двух тамах: "Жывёлы" (2004) і "Расліны" (2005).

5 лютага 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/357/29482
Текущая дата: 18.11.2024