Апостальскі нунцый давёў да ведама кіраўніка МЗС Макея "некаторыя заклапочанасці ў сувязі з магчымымі інтэрпрэтацыямі нядаўніх выступленняў, якія тычацца рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі"
"Апостальскі нунцый давёў да ведама міністра некаторыя заклапочанасці ў сувязі з магчымымі інтэрпрэтацыямі нядаўніх выступленняў, якія тычацца рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы знешнепалітычнага ведамства.
У гэтым кантэксце "ім акцэнтаваная тая велізарная праца, якая праводзіцца рымска-каталіцкай царквой у Беларусі ў цэлым і ў сферы падрыхтоўкі нацыянальных кадраў каталіцкіх святароў у прыватнасці".
Макей адзначыў зацікаўленасць беларускага боку ў нацыянальных кадрах каталіцкіх святароў. Ён вітаў зніжэнне ліку замежных грамадзян, што назіраецца зараз, а таксама прызначэнне папам рымскім у канцы 2013 года трох новых біскупаў беларускага паходжання.
Міністр "праінфармаваў аб высокай ацэнцы кіраўніком беларускай дзяржавы дзейнасці яго святасці папы Францыска па барацьбе з беднасцю і паўсюдным прасоўванні міру і стабільнасці". Макей "пацвердзіў нязменнасць пазіцыі ўрада Беларусі па забеспячэнні раўнапраўя ўсіх традыцыйных рэлігійных канфесій у краіне". Ён падкрэсліў, што пазіцыя і практычная дзейнасць Ватыкана ў дачыненні да Беларусі з`яўляецца "вельмі канструктыўнай і збалансаванай", каталіцкая царква адыгрывае важную ролю ў выхаванні патрыятызму і падтрымцы культуры ў Беларусі.
Падчас сустрэчы былі разгледжаныя пытанні, звязаныя з рэалізацыяй даручэння Аляксандра Лукашэнкі па стварэнні ў Мінску каталіцкай духоўнай акадэміі.
Макей паведаміў пра гатоўнасць міністэрства даць пляцоўку для абмеркавання магчымых пытанняў з усімі зацікаўленымі бакамі з мэтай іх урэгулявання ў духу ўзаемапавагі і канструктыўнага супрацоўніцтва.
22 студзеня ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка заявіў, што "некаторыя ксяндзы з Польшчы спрабуюць займацца палітыкай". "Ім не падабаецца наша краіна, нашы законы, кіраўніцтва. У такіх выпадках мы не ўзгадняем працяг іх знаходжання ў нашай краіне. Мы не супраць запрашэння замежных святароў. Ні на праваслаўных, ні на каталіцкіх, ні на іншых храмах не павінны вісець замкі. Калі яны запатрабаваныя і патрэбныя святары, мы заўсёды гэта падтрымліваем. Але мы заўсёды падкрэсліваем, што яны павінны займацца тымі пытаннямі, для якіх іх запрасілі ў краіну, дзеля якіх яны ехалі і падпісвалі пагадненні з рэлігійнымі аб`яднаннямі", — сказаў ён.
Гуляка таксама заявіў, што некаторыя замежныя каталіцкія святары летась дапускалі парушэнні, не прыехаўшы ў Беларусь ва ўстаноўлены тэрмін і не прайшоўшы неабходную рэгістрацыю. Ён згадаў пра адміністрацыйныя правапарушэнні, учыненыя каталіцкімі святарамі, у тым ліку з Польшчы.
Праз некалькі дзён беларускія католікі пачалі збор подпісаў пад калектыўным зваротам да кіраўніцтва краіны ў сувязі з заявамі Гулякі. Як паведаміў хрысціянскі партал krynica.info, у сваім звароце каталіцкія вернікі адзначаюць, што "крытыка без фактаў" з боку чыноўніка абражае іх саміх, іх рэлігійныя пачуцці, а таксама іх пастыраў. Тым самым, паводле іх меркавання, чыноўнік "уносіць разлад у адносіны дзяржавы і каталіцкай царквы, нагнятае міжканфесійную варожасць".
29 студзеня на прэс-канферэнцыі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не вельмі задаволены службай польскіх святароў. "Дакладней, я не вельмі задаволены службай некаторых польскіх прадстаўнікоў на нашай зямлі. Я пра гэта гаварыў былому папе рымскаму, што яны часам займаюцца не тымі рэчамі, якімі павінны. Я пра гэта гаварыў нашаму кіраўніку каталіцкай канфесіі Казіміру Свёнтаку. Гэта чалавек разумны, ён разумее, чым ён займаецца і дзе жыве. Ён на гэта рэагаваў", — паведаміў кіраўнік дзяржавы.
"Невырашальных пытанняў няма. Але я заўсёды патрабаваў ад прадстаўнікоў папы рымскага, каб мы больш рыхтавалі беларускіх царкоўных служачых каталіцкай царквы. Мы стараемся, каб больш беларусаў атрымалі адукацыю і служылі ў нашай царкве", — сказаў Лукашэнка.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 30 студзеня 2015
Мінск, 30 студзеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/358/29391
Текущая дата: 18.11.2024