Белорусский портал в Казахстане

Першы ў Беларусі помнік Максіму Танку адкрыюць 5 снежня ў Мядзеле



Аб гэтым паведаміла начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Мядзельскага райвыканкама Ірына Пазняк.

Скульптурная кампазіцыя з`явіцца на плошчы Шаранговіча. Як расказала Ірына Пазняк, бронзавая фігура паэта ў поўны рост будзе ўстаноўлена на гранітным пастаменце вышынёй адзін метр. Недалёка ад яе размесціцца валун з картушам у выглядзе раскрытай кнігі, дзе будуць выбіты радкі з верша Максіма Танка: "Ёсць адна песня песняў - пра Радзіму". Помнік узведзены па праекце скульптараў Івана Міско і Аляксандра Фінскага і архітэктара Армена Сардарава. Конкурс на стварэнне эскізных праектаў помніка быў аб`яўлены ў 2012 годзе да 100-годдзя з дня нараджэння выдатнага паэта.

У гэты ж дзень члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, прадстаўнікі органаў улады, прыхільнікі творчасці паэта наведаюць магілу Максіма Танка ў вёсцы Новікі, далей гасцей чакаюць знаёмства з экспазіцыяй, прысвечанай жыццю і творчасці паэта, у ДУА "Сваткаўская сярэдняя школа імя Максіма Танка". У Мядзельскім гарадскім доме культуры адкрыецца паэтычная гасцёўня "Усё ўзяла душа без берагоў".

Пасля адкрыцця помніка ў райвыканкаме запланавана канцэртная праграма Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча. У фае будзе працаваць выстаўка з фондаў Музея гісторыі беларускай літаратуры.

Максім Танк - творчы псеўданім Яўгена Іванавіча Скурко. Сёння імя Максіма Танка - адно з самых яркіх у гісторыі беларускай літаратуры. У 1968 годзе яму прысвоена званне народнага паэта БССР. Акадэмік НАН Беларусі (1972), лаўрэат літаратурнай прэміі Янкі Купалы (1959), ганаровы грамадзянін Мінска (1987). Паэзія Максіма Танка ўражвае разнастайнасцю тэм, вобразаў, форм, творчым засваеннем нацыянальнай паэтычнай традыцыі і наватарствам. Тэма, якая праходзіць праз усю творчасць Максіма Танка, - радзіма ў самых розных яе праявах: гісторыя і яе адлюстраванне ў легендах і паданнях, праца, песні, мары народа, маляўнічая прырода, родная мова.

Імя таленавітага паэта прысвоена Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту, Мінскаму педагагічнаму каледжу, Мядзельскай раённай бібліятэцы, Сваткаўскай сярэдняй школе. Імя Максіма Танка мае адна з вуліц беларускай сталіцы.

2 снежня 2014, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/360/28444
Текущая дата: 18.11.2024