Міжнародны фестываль тэатраў-батлеек плануюць правесці ў 2015 годзе ў адноўленай сядзібе Міхаіла Клеафаса Агінскага Залессе ў Смаргонскім раёне, паведамілі ў райвыканкаме.
Рашэнне аб правядзенні фестывалю прынята ў час круглага стала, арганізаванага ў Залессі мясцовым дабрачынным фондам "Паўночныя Афіны", дзе абмяркоўваліся магчымасці захавання і развіцця ўнікальнай беларускай традыцыі тэатраў-батлеек. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі батлеек, што дзейнічаюць у Гродзенскай вобласці, работнікі ўстаноў культуры, прадстаўнікі мясцовай улады.
Фестываль вырашана правесці ў Залессі ў сакавіку 2015-га з нагоды 250-годдзя знакамітага грамадскага і культурнага дзеяча, кампазітара Міхаіла Клеафаса Агінскага, а таксама прымеркаваць да Міжнароднага дня лялечных тэатраў. На яго запросяць тэатральныя калектывы з Беларусі, Польшчы, Літвы. Гэта падзея дасць магчымасць прыцягнуць увагу да захавання і развіцця батлеечных тэатраў, стымулюе стварэнне ўмоў для іх дзейнасці і творчай самарэалізацыі жыхароў рознага ўзросту, лічаць ініцыятары мерапрыемства.
Фестываль стане кульмінацыйным мерапрыемствам праекта "Самабытныя традыцыі для павышэння якасці жыцця ў вёсцы", які рэалізуецца дабрачынным фондам "Паўночныя Афіны" ў партнёрстве са Смаргонскім райвыканкамам. Праектам запланаваны таксама майстар-класы, навучанне творчых груп батлеечнікаў, стварэнне новага спектакля залескай "Батлейкі" на мясцовым матэрыяле і набыццё для яго гукавога абсталявання, дэкарацый, лялек, выраб сувенірнай прадукцыі.
Некалькі дзясяткаў гадоў таму ў Смаргоні планавалі стварыць музей, прысвечаны гэтаму самабытнаму віду беларускага народнага тэатра. Ідэю не рэалізавалі, затое ў экспазіцыі краязнаўчага музея засталіся набытыя скрыні і лялькі. У пачатку 90-х тэатр-батлейку ў рэгіёне адрадзілі, з таго часу народны тэатр "Батлейка" Залескага Дома культуры заваяваў беларускіх і замежных гледачоў, выступаў у Расіі і Польшчы, Літве, Эстоніі. Сёння выступленні "Батлейкі" ўключаны ў турыстычны маршрут, які праходзіць праз Залессе.
Фонд "Паўночныя Афіны" створаны ў 2010 годзе з мэтай адрадзіць сядзібу Міхаіла Агінскага, вярнуць былое значэнне культурнага цэнтра вёсцы Залессе. Заснавальнікі фонду - Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей, Маладзечанскае музычнае вучылішча імя М.К.Агінскага, ГА "Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і работадаўцаў".
13 лістапада 2014, Гродна
Алена Стасюкевіч - БЕЛТА
13 лістапада 2014, Гродна
Алена Стасюкевіч - БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/361/28193
Текущая дата: 18.11.2024