У магілёўскім кінатэатры «Радзіма» адбыўся прэм’ерны паказ рэканструяванай польскай стужкі «Пан Тадэвуш» паводле аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча.
Гэтае нямое кіно ў 1928 годзе зьняў рэжысэр Рышард Ардынскі. Магілёўцы глядзелі стужку пад музыку польскага кампазытара і выканаўцы Марціна Пукалюка.
У інтэрвію Свабодзе Марцін Пукалюк зазначыў, што гістарычная драма Адама Міцкевіча прыцягальная гледачам, якія зьвязаныя з Польшчай:
«Гэта польская нацыянальная паэма. Для палякаў — гэта сьвяты тэкст. Ён мае для нас сымбалічнае і патрыятычнае значэньне. Гэта заклік да тых, хто з Польшчы, каб яны пазнаёміліся з тэкстам Міцкевіча. Гэты фільм пра наш нацыянальны характар, пра нашы прывілеі. Ён падказвае, што палякі ў крытычных сытуацыях павінны аб’ядноўвацца».
Госьць з Польшчы прызнаўся, што не ведаў, што Адам Міцкевіч гэтак сама шануецца беларусамі як важны для іх паэт: «Я быў зьдзіўлены, што гэтак многа беларусаў ведаюць паэму „Пан Тадэвуш“. Я ведаў, што да Адама Міцкевіча маюць адносіны Літва, літоўцы, але і што беларусы — я проста не ведаў».
«У паэме „Пан Тадэвуш“ усё наша беларускае», — сказала кабета, якая разам зь сяброўкаю прыйшла паглядзець польскую стужку.
«Адам Міцкевіч наш. Наваградак наш. Я ў Наваградку вучылася. Я тады вучылася і не ведала, у якім месцы гістарычным жыла. Мы падыходзілі да муроў крэпасьці, дзівіліся на іх. І ў фільме я бачу тыя мясьціны. Па-другое, фільм нямы. Я ніколі такіх не бачыла».
Фільм «Пан Тадэвуш» здымалі ў Наваградзкім ваяводзтве і на возеры Сьвіцязь. Да працы над фільмам былі далучаныя найлепшыя кансультанты па інтэр’еры, строях і рэквізытах. Падчас другой усясьветнай вайны фільм згубіўся. У 1950 гады адшукалі эпізоды, зь якіх рэканструявалі стужку.
Радыё Свабода, 6 лістапада 2014
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/362/28058
Текущая дата: 18.11.2024