Белорусский портал в Казахстане

У Палацы мастацтва ў Мінску 11 кастрычніка адкрылася міжнародная духоўна-асветная выстава "Пакроўскі кірмаш"



Выстава прымеркаваная да свята Пакровы Прасвятой Багародзіцы і Дня маці, які адзначаюць 14 кастрычніка.

У межах выставы традыцыйна праходзіць шанаванне мнагадзетных маці з уручэннем медалёў прасвятой Ефрасінні Полацкай. Тут таксама можна выбраць падарункі для маці.

"Пакроўскі кірмаш" сабраў прыблізна 90 удзельнікаў з Расіі, Украіны, Беларусі, Малдовы, Сербіі і Грэцыі. Гэта праваслаўныя манастыры, храмы, выдавецтвы і майстры. Прэзентаваныя святыні манастыроў, абразы друкаваныя, пісаныя, у старажытных акладах, прадметы царкоўнага ўжытку для дома і храма, аўдыявідэапрадукцыя для дарослых і дзяцей, вялікі выбар духоўнай літаратуры. 

Галоўная падзея выставы — прынясенне абраза Божай Маці "Казанская" для малітоўнага пакланення — святыні Маркава Свята-Траецкага мужчынскага манастыра Віцебска. Манастыр таксама прапануе сваю духоўную праграму. 

Магілёўскі храм арганізаваў фотавыставу "Венцаносная сям`я", прысвечаную 400-годдзю дома Раманавых. 

У наведвальнікаў ёсць магчымасць падаць запіскі аб здароўі і супакоі сваіх родных і блізкіх у манастыры і храмы розных краін. 

Усе дні працы выставы да 18 кастрычніка наведвальнікам прапанаваная духоўна-асветная праграма, у межах якой круглыя сталы, семінары, лекцыі, творчыя сустрэчы, паказ кінафільмаў. Спецыяльная праграма "Задайце пытанне святару" дае магчымасць кожнаму ахвотнаму ў асабістай гутарцы са святаром атрымаць параду і дапамогу ў вырашэнні праблем духоўнага жыцця.

На выставе таксама можна набыць вырабы народных майстроў і промыслаў: сувеніры, кераміку, гжэльскі фарфор, вырабы з прыродных камянёў, дрэва, аранбургскія хусткі, вырабы з казінага пуху, шмат іншага. Пчаляры і траўнікі прапаноўваюць мёд і прадукты пчалярства, алей, лекавыя травы і бальзамы. Можна атрымаць кансультацыю па прымяненні розных гатункаў мёду і зёлак.

БелаПАН, 11 кастрычніка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/363/27721
Текущая дата: 18.11.2024