Белорусский портал в Казахстане

Маёнтак князёў Агінскіх у Залессі Смаргонскага раёна адкрыўся 25 верасня пасля рэстаўрацыі



Урачыстае мерапрыемства з нагоды адкрыцця аб`екта прайшло з удзелам кіраўніцтва Гродзенскай вобласці і раёна, Міністэрства культуры.

Старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў адзначыў, што на гродзенскай зямлі жылі і тварылі многія вядомыя таленавітыя людзі, гэта край багатай гісторыі і традыцый. Ён выказаў удзячнасць усім удзельнікам аднаўлення маёнтка і падкрэсліў, што ў вобласці прымаюцца ўсе меры, каб захаваць такія мясціны, як Залессе. Аналагічныя аб`екты ёсць у розных раёнах вобласці, каб удыхнуць у іх жыццё, мясцовыя ўлады праводзяць работу ў тым ліку з інвестарамі.

Міністр культуры Барыс Святлоў падкрэсліў значнасць аб`екта ў культурна-гістарычнай спадчыне Беларусі. "Важна, каб гэта месца не проста адрадзілася, але было напоўнена людзьмі. У музеі-сядзібе павінны праводзіцца канцэрты і музычныя вечары, сюды павінны прыязджаць турысты, госці з розных краін", - сказаў ён.

Госці мерапрыемства ацанілі вынікі сучаснага этапу рэстаўрацыйных работ, якія прадаўжаліся ў маёнтку XIX стагоддзя з 2011 года, а таксама пабывалі на праведзеным з гэтай нагоды канцэрце Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Паводле слоў галоўнага архітэктара і навуковага кіраўніка праекта па рэстаўрацыі маёнтка Людмілы Івановай, будынак рэстаўрыраваны звонку, таксама праведзена фрагментарная рэстаўрацыя ўнутранага інтэр`еру. Пракладзены інжынерныя сеткі, наладжаны сістэмы ацяплення і вентыляцыі. У будынку зманціраваны новы дах, заменены вокны і дзверы. Выкананы комплексны рамонт і па аднаўленні памяшканняў, лесвіц, фасадаў будынка, зроблена новая падлога.

Задачай рэстаўратараў было стварыць выгляд, максімальна набліжаны да таго, які маёнтак меў у часы свайго вядомага ўладальніка Міхаіла Клеафаса Агінскага. Пры распрацоўцы праекта былі праведзены гістарычныя, архіўныя і бібліяграфічныя даследаванні. Паколькі інтэр`еры амаль не захаваліся, іх аднаўлялі па інвентарных апісаннях, успамінах сучаснікаў, вялікай дапамогай былі гравюры тых, хто маляваў у Залессі, у тым ліку мастака Напалеона Орды. Ранейшы выгляд атрымалі (аднак яшчэ не канчаткова ўкамплектаваны мэбляй) кабінет Агінскага, вялікая і малая гасціныя, більярд. Адрэстаўрыраваны музычна-тэатральная зала на 88 месц, у правым крыле прадугледжаны гасцявыя пакоі для турыстаў (чатыры двухмесныя і адзін люкс). Унутраны дворык абсталяваны для правядзення канцэртаў.

Засталося завяршыць работы па добраўпарадкаванні аранжарэі, устанавіць на адну з вежаў гадзіннік і звон, якія ёсць на гравюры Напалеона Орды, укамплектаваць мэбляй, створанай пад заказ. У наступным годзе плануецца рэканструяваць і садова-паркавы комплекс, рэстаўрыраваць гаспадарчыя пабудовы.

Пакуль застаецца адкрытым пытанне з запаўненнем маёнтка музейнымі экспанатамі. Дырэктар музея Людміла Градзіцкая разлічвае, што музей пачне зарабляць і з цягам часу зможа набыць нейкія асабістыя рэчы ўладальніка.

З 2011 года на праектныя і будаўнічыя работы ў маёнтку накіравана 200 тыс. еўра па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва "Латвія - Літва - Беларусь" і каля Br25 млрд з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў. Усе работы па рэстаўрацыі комплексу плануецца канчаткова завяршыць да святкавання 250-годдзя з дня нараджэння аўтара паланэза "Развітанне з Радзімай" у 2015 годзе.

У маёнтку Залессе вядомы грамадскі дзеяч, дыпламат і кампазітар князь Міхаіл Клеафас Агінскі жыў амаль 20 гадоў (з 1802 па 1822 гады). Тут ён стварыў свой самы вядомы твор - паланэз "Развітанне з Радзімай". У тыя гады маёнтак быў сапраўдным культурным цэнтрам, куды прыязджалі музыканты і кампазітары, паэты і мастакі. Яны называлі гэта месца Паўночнымі Афінамі.

26 верасня 2014, Смаргонь
Алена Стасюкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/364/27600
Текущая дата: 18.11.2024