Белорусский портал в Казахстане

Выстава “Геніяльны мастак” праходзіць у НББ



З 1 па 31 жніўня ў зале выяўленчых і відэаматэрыялаў НББ праходзіць выстаўка “Геніяльны мастак”, прысвечаная 170-годдзю з дня нараджэння рускага жывапісца і графіка, педагога І.Я. Рэпіна (1844–1930).

Сваім мастацтвам выдатны майстар эпохі Ілья Яфімавіч Рэпін шмат у чым вызначыў шляхі развіцця рускага жывапісу, а таксама сфарміраваў пэўную мастацкую традыцыю. У творчасці ён аб’яднаў усё самае лепшае, што было ў рускім рэалізме. Мастак быў партрэтыстам, майстрам бытавых карцін (“Бурлакі на Волзе” (1870–1873), “Хросны ход у Курскай губерні” (1881–1883) і інш.), гістарычным жывапісцам (“Запарожцы пішуць ліст турэцкаму султану” (1878–1891), “Іван Грозны і яго сын Іван 16 лістапада 1581 года” (1885) і інш.). Карціна “Бурлакі на Волзе”, з якой Рэпін дэбютаваў перад шырокай публікай, адразу зрабіла яго вядомым сярод рускіх мастакоў.

На выстаўцы прадстаўлены кнігі, альбомы, рэпрадукцыі, паштоўкі, а таксама шматлікія артыкулы са зборнікаў і перыядычных выданняў. Сярод экспанатаў – кніга І. Рэпіна “Далёкае блізкае” (1986), якая вытрымала не адно выданне і добра знаёмая чытачу. Акрамя ўспамінаў мастака, у ёй надзвычай цікава асветлены праблемы сучаснага яму рускага мастацтва і культуры.

Звязда, 1 жніўня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/365/26947
Текущая дата: 18.11.2024