Белорусский портал в Казахстане

Афганістан стаў месцам трагедыі і доблесці ўсяго асабовага складу Узброеных Сіл



Аб гэтым заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і 35-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана, які праходзіць у Цэнтральным Доме афіцэраў.

У мерапрыемстве прымаюць удзел дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, міністр абароны Віктар Хрэнін, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, дэлегацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў з усіх абласцей і горада Мінска, ваеннаслужачыя Мінскага гарнізона.

«Сёння мы адзначаем знакавую, з аднаго боку радасную, з другога боку трагічную дату — 35 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Ваенная аперацыя Савецкага Саюза ў Афганістане доўжылася больш за дзевяць гадоў, і пасля Вялікай Айчыннай вайны стала самым цяжкім выпрабаваннем не толькі для Узброеных Сіл, але і для ўсяго савецкага народа», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.

Як адзначыў дзяржсакратар Савета бяспекі, у гэты перыяд у складзе абмежаванага кантынгенту праверку на трываласць прайшлі больш за 620 тыс. савецкіх грамадзян. «Ім прыйшлося ваяваць не толькі з афганскімі баевікамі, але і з элітнымі падраздзяленнямі наймітаў, абсталяваных самым сучасным узбраеннем. Кожны, хто накіроўваўся ў тую далёкую краіну, ведаў, што ён выконвае загад Радзімы і свой інтэрнацыянальны абавязак, уносячы ўклад у забеспячэнне міру для афганскага народа і ўсёй Зямлі», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Вальфовіч звярнуў увагу на тое, што вайна ў Афганістане закранула і многія беларускія сем’і: каля 30 тыс. ураджэнцаў Беларусі праходзілі там службу. «Кінуўшы выклік міжнароднаму тэрарызму, яны захавалі вернасць прысязе і праявілі пры гэтым бяспрыкладную стойкасць і мужнасць. 771 чалавек не вярнуўся з Афганістана, 12 з іх зніклі без вестак. Гэта незаменная страта і боль не толькі для родных і блізкіх, але і для ўсяго беларускага народа. Высокія ўзнагароды атрымалі чатыры нашых суайчыннікі — яны былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. На жаль, двое з іх былі ўдастоены яго пасмяротна. Звыш 2,5 тыс. баявых узнагарод, мноства медалёў (усяго ёсць у беларусаў, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане.)», — канстатаваў Аляксандр Вальфовіч.

Дзяржсакратар Савета бяспекі запэўніў, што беларусы заўсёды будуць захоўваць свяшчэнную памяць аб воінах, якія не вярнуліся з той вайны.

Звязда, 10 лютага 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/38/72577
Текущая дата: 25.12.2024