Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі ацэнка падзей вайны ў Афганістане была і застаецца адназначнай і бясспрэчнай



Аб гэтым заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі на ўрачыстым сходзе, прысвечаным Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і 35-годдзю вываду савецкіх войскаў з Афганістана, якое праходзіць у Цэнтральным Доме афіцэраў.

У мерапрыемстве прымаюць удзел дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, міністр абароны Віктар Хрэнін, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, дэлегацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў з усіх абласцей і горада Мінска, ваеннаслужачыя Мінскага гарнізона.

«15 лютага — знакавая для Беларусі дата, якая стала сімвалам нязломнасці воінскага духу, вернасці прысязе і армейскага брацтва тых, хто стаяў на варце інтарэсаў Радзімы. Мы заўсёды на самым высокім узроўні ўшаноўваем і будзем ушаноўваць воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія прайшлі цяжкія выпрабаванні ваенных дзеянняў на тэрыторыях іншых дзяржаў. Мы ўспамінаем і аддаём даніну памяці загінуўшым героям», — сказаў Ігар Луцкі.

У адрозненне ад многіх былых рэспублік Савецкага Саюза, адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, у Беларусі ацэнка тых падзей заўсёды была і застаецца адназначнай і бясспрэчнай: «Мы аказвалі дапамогу ўрадам і народам дружалюбных краін, неслі ім мір і развіццё, не дапускалі хаосу і разрухі ў сваёй Айчыне, апярэджваючы іх на далёкіх рубяжах. Іншых трактовак той вайне няма і быць не можа».

Звязда, 10 лютага 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/38/72579
Текущая дата: 25.12.2024