Белорусский портал в Казахстане

У Мінску адкрыўся творчы праект "Мастак і горад. Казімір Малевіч"



Выстаўкай рэпрадукцый Казіміра Малевіча пад адкрытым небам на плошчы Якуба Коласа ў Мінску ўрачыста адкрыўся 6 чэрвеня гарадскі творчы праект "Мастак і горад. Казімір Малевіч".

Вернісаж пройдзе ў фармаце гарадскога свята. У шоу прыме ўдзел фестываль сучаснага мастацтва і авангарднай моды "Мамант", беларускія творчыя, а таксама музычныя калектывы.

Усяго на выстаўцы жыхары і госці сталіцы ўбачаць 17 рэпрадукцый работ мастака. Зыходныя слайды для экспазіцыі прадаставілі Дзяржаўная Траццякоўская галерэя (Масква) і Дзяржаўны Рускі музей (Санкт-Пецярбург). Работы выкананы ў стылі імпрэсіянізму, постімпрэсіянізму, кубафутырызму. Сярод іх - "Чорны супрэматычны квадрат" (1915 год), "Дзяўчына з грэбенем" (1932), "Аўтапартрэт" (1910).

Казімір Малевіч - буйнейшы рэфарматар у мастацтве, педагог, тэарэтык, філосаф, заснавальнік супрэматызму - напрамку ў абстрактным мастацтве. Паводле слоў доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара, пісьменніка і траюраднага пляменніка мастака Ігара Малевіча, які многія гады даследаваў і вывучаў архівы, Казімір Малевіч з`яўляецца нацыянальным беларускім мастаком, якія нарадзіўся ў Капылі.

"Мастак і горад" - сістэмны гарадскі творчы праект. Ён рэалізуецца другі год запар. У 2012 годзе цэнтральнай персаналіяй праекта быў Марк Шагал.

Арганізатары - фонд "Ідэя" сумесна з упраўленнем культуры Мінгарвыканкама і Музеем сучаснага выяўленчага мастацтва. Экспазіцыя прадоўжыць работу да 20 верасня.

6 чэрвеня 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/387/21512
Текущая дата: 17.11.2024