Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі Рымска-каталіцкая царква мае вельмі важнае значэнне, і яе ўплыў у беларускім грамадстве вялікі



Гэта адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 красавіка на сустрэчы з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім архіепіскапам Тадэвушам Кандрусевічам.

"У гэтыя святочныя дні нам даводзіцца працаваць больш, але гэта работа - задавальненне, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Віншую Вас і ўсіх свяшчэннаслужыцеляў Рымска-каталіцкай царквы з гэтымі цудоўнымі і самымі светлымі святамі. Думаю, яны будуць вечнымі, яны перажылі ўсе часы".

Прэзідэнт Беларусі акцэнтаваў увагу на тым, што гэты год асаблівы, паколькі зусім нядаўна быў выбраны новы кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Вельмі важна тое, што адбываецца сёння ў Рымска-каталіцкай царкве, таму што ні для каго не сакрэт, што ў нас у Беларусі Рымска-каталіцкая царква мае вельмі вялікае значэнне і яе ўплыў у нашым грамадстве вялікі. Таму для мяне неабыякава, які стан спраў у Рымска-каталіцкай царкве ў Беларусі".

1 красавіка 2013, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/392/20264
Текущая дата: 17.11.2024