Белорусский портал в Казахстане

У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры падвялі вынікі конкурсу на стварэнне нацыянальнага спектакля



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе тэатра.

Праводзіўся конкурс у дзвюх намінацыях - аперэта і мюзікл. У выніку з больш як 15 работ у шорт-ліст увайшлі чатыры творы: мюзікл Ганны Казловай і Таццяны Сінькевіч "Барбара New", музычна-драматычная фантазія "Лятучы галандзец" Навума Гальпяровіча і Сяргея Бельцюкова па аднайменным творы Уладзіміра Караткевіча і адразу дзве "Ладдзі роспачы" па Караткевічу - Алега Чыркуна і Наталлі Марчук, а таксама Алега Хадоскі і Дзяніса Марціновіча. Нягледзячы на агульны сюжэт гэтыя два творы адрозніваюцца і па мастацкай канцэпцыі, і па музычнаму напаўненню. Калі першы па сваёй стылістыцы блізкі да народнай музычнай камедыі, то другі ўяўляе сабой лайт-оперу - жанр, які атрымаў шырокае распаўсюджванне апошнім часам на Захадзе і ў Расіі, але пакуль малавядомы беларускай публіцы.

З 12 па 15 лютага у Музычным тэатры праходзілі пасяджэнні мастацкага савета, у час якога аўтары праводзілі прэзентацыю праектаў. Пасля ў закрытым рэжыме праходзіла абмеркаванне.

"Гэта сапраўды тое лепшае, што ёсць сёння ў нашым жанры. Аўтары цалкам аддавалі сябе ў час прэзентацый. За гэта мы ім шчыра ўдзячны. Тэатр рады такому супрацоўніцтву. Мы любім нашых аўтараў, цэнім і ганарымся імі. Ці з`явіцца хто-небудзь з фіналістаў у нашай афішы - гаварыць пакуль рана. Нашы вядучыя творчыя спецыялісты аналізуюць атрыманае. Паколькі сучасны музычны спектакль - гэта спалучэнне жанраў, іх жывы сінтэз. У ім павінны быць задзейнічаны і салісты, і аркестр, і хор, і балет. І ў кожнага павінна хапіць месца ў прасторы спектакля, каб паказаць сябе ва ўсёй красе. Калі некага з нашых вядучых спецыялістаў захопіць адна з чатырох прапанаваных гісторый, якія ўвайшлі ў фінал, я буду толькі рады", - падвёў вынік мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра Адам Мурзіч.

Конкурс арганізаваны з мэтай стварэння арыгінальных твораў, якія прызначаны дэманстраваць унікальнасць, самабытнасць і багацце гісторыі і культуры беларускага народа ў кантэксце еўрапейскай і сусветнай культуры, павінны быць канкурэнтаздольнымі і дастойна прадстаўляць айчыннае тэатральнае мастацтва за мяжой.

19 лютага 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/394/19502
Текущая дата: 17.11.2024