Белорусский портал в Казахстане

Дзень беларускай вайсковай славы



8 верасьня дэмакратычныя сілы адзначаюць гадавіну бітвы пад Оршай — неафіцыйны Дзень беларускай вайсковай славы.

8 верасьня спаўняецца 498 гадоў перамогі беларускага войска на чале з вялікім гетманам Вялікага Княства Літоўскага Канстанцінам Астроскім над арміяй Вялікага Княства Маскоўскага на рацэ Крапіўне пад Оршай (8 верасьня 1514 года). У гэты дзень 30-тысячная армія ВКЛ, якая узначальвалася Астроскім, перамагла 80-тысячную рускую армію.

У ноч з 8 на 9 верасьня ў 21-ы раз на Крапівенскім поле пад Оршай павінен прайсьці традыцыйны фэстываль бардаў і мастакоў «Аршанская бітва». Як паведаміў БелаПАН адзін з пастаянных удзельнікаў фэстывалю мастак Алесь Пушкін, сёлета аб’яў пра фэстываль не было. Але ён лічыць, што заўсёднікі прыедуць на поле адзначыць сьвята.

Фэстываль праходзіць на месцы Аршанскай бітвы — левым беразе Дняпра, дзе ў яго упадае рэчка Крапівенка.

Сёньня ў офісе Партыі БНФ у Менску заплянавана навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная яшчэ адной даце ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага — 650-годзьдзю перамогі войска ВКЛ над татарамі на Сіняй Вадзе. У пачатку восені 1362 года войска вялікага князя Альгерда на Сіняй Вадзе разграмілі войска татараў, што прывяло да вызваленьня Украіны ад мангола-татарскага прыгнёту. У канфэрэнцыі возьмуць удзел гісторыкі з Беларусі і Украіны.

Тут жа арганізавана выстава членаў Беларускага саюза мастакоў, прысьвечаная бітве на Сіняй Вадзе, пад дэвізам «Віват, Альгерд! Хвала Айчыне!».

Радыё Свабода, 8 верасьня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/409/16268
Текущая дата: 16.11.2024