7 жніўня сьвяткуе сваё васьмідзесяцігодзьдзе доктар філялёгіі, прафэсар, стваральнік і шматгадовы дырэктар Нацыянальнага навукова-асьветніцкага цэнтру імя Францішка Скарыны, ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, заслужаны дзеяч польскай культуры Адам Мальдзіс.
«Адам Мальдзіс — гэта легенда беларускай гуманістыкі»
Пра адметную асобу прафэсара Адама Мальдзіса, які 7 жніўня сьвяткуе сваё васьмідзесяцігодзьдзе, распавядае паэт і філёзаф Ігар Бабкоў:
«Упершыню я пабачыў Адама Восіпавіча ў 1987-м. Прыдумаўшы нейкую нязначную нагоду, я нахабна заявіўся да яго ў кабінэт Інстытуту літаратуры (тады гэта быў будынак прэзыдыюму Акадэміі навук). Насамрэч проста хацелася пазнаёміцца з жывой легендай, бо ўжо тады Мальдзіс бачыўся і разумеўся ня проста як доктар навук, гісторык літаратуры, сябра Караткевіча, а як постаць абсалютна прарыўная, чалавек, які разам з Разанавым, Сёмухам, колькімі іншымі асобамі творыць такі кшталт новай беларускай культуры, які ня пройдзе разам з савецкай эпохай, а застанецца і будзе сьвяціць надалей. І гэта сапраўды так і атрымалася.
Цяпер, калі я спрабую ўсьвядоміць, што ж такога цікавага было ў ягоных кнігах і як можна ўсё гэта падсумаваць і неяк растлумачыць, я разумею, што ён хіба першы вывеў беларускую гісторыю літаратуры, беларускае літаратуразнаўства з такога гета саентызму. Ён упершыню намякнуў ці сказаў, што гісторык літаратуры сам мусіць быць крыху літаратарам, каб разумець, прынамсі, тое, чым ён займаецца. Падобная постаць у французскім літаратуразнаўстве — гэта, вядома, Ралян Барт, які абвясьціў супадзеньне крытыкі і літаратуры ў самім акце пісьма.
Адам Восіпавіч — гэта легенда, клясыка беларускай гуманістыкі дваццатага стагодзьдзя, якая, вядома, будзе сьвяціць нам у дваццаць першым».
_________
Адам Мальдзіс нарадзіўся на Астравеччыне. Скончыў аддзяленьне журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту і асьпірантуру пры Інстытуце літаратуры АН БССР. Працаваў непрацяглы час у журналістыцы, а потым цягам амаль паўстагодзьдзя — у акадэмічным Інстытуце літаратуры.
Дасьледуе гісторыю беларускай культуры XVII–XVIII стагоддзяў, беларуска-польскія, беларуска-літоўскія і беларуска-расейскія літаратурныя ўзаемаўплывы, прысутнасьць беларускай культуры ў сьвеце, праблемы беларускай дыяспары.
Адкрыў і ўвёў у навуковы ўжытак шмат імёнаў і твораў беларускага прыгожага пісьменства і іншых помнікаў культурнай спадчыны, у тым ліку зборнік песень першай паловы XVII стагодзьдзя, гэтак званы «Полацкі сшытак».
Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, мае літоўскія і польскія ўзнагароды.
Аўтар больш як двух дзясяткаў манаграфіяў, літаратуразнаўчых і культуралягічных эсэ, біяграфічнага нарысу «Жыцьцё і ўзьнясеньне Ўладзіміра Караткевіча», ініцыятар стварэньня і рэдактар шасьцітамовага біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменьнікі».
Валянціна Аксак
Радыё Свабода, 7 жніўня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/411/15675
Текущая дата: 16.11.2024