Белорусский портал в Казахстане

У Мінску прэзентавана кніга пра вядомага беларускага фізіка Пятра Прахарэнку



19 верасня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі прэзентавалі кнігу "Акадэмік Пётр Прахарэнка".

Яна прысвечана вядомаму беларускаму вучонаму ў галіне фізікі неразбуральнага кантролю і тэхнічнай дыягностыкі, аўтару больш як 350 навуковых прац, у тым ліку дзевяці манаграфій і 70 вынаходстваў.

Кніга ўяўляе сабой не проста жыццяпіс вучонага, у выданні ёсць фотаздымкі з сямейнага архіва, успаміны яго блізкіх і калег, разважанні аб жыцці, людзях і ўзаемаадносінах самога Пятра Прахарэнкі.

У інфармацыйна-выставачным цэнтры бібліятэкі сабраліся сваякі, сябры і калегі Прахарэнкі. Сярод гледачоў былі і яго дочкі Марыя і Алена.

"Вось ужо чатыры гады, як і бацькі няма з намі, але мы дагэтуль адчуваем яго любоў, ён заўсёды побач, — падзялілася з прысутнымі Марыя. — Калі бацькі сыходзяць, іх любоў застаецца з намі. Я не спыняю дыялог са сваім бацькам. Прымаючы нейкія важныя рашэнні, заўсёды думаю, як бы ён да гэтага паставіўся, як бы зрабіў".

Да прэзентацыі кнігі пра жыццё і дзейнасць Прахарэнкі была падрыхтавана выстава "Жыццё ў навуцы. Памяці вучонага Пятра Прахарэнкі". Выставу склалі навуковыя працы, манаграфіі акадэміка. Яна будзе адкрыта яшчэ тыдзень у чытальнай зале прыродазнаўчых і тэхнічных навук. Кніга пра вядомага акадэміка выйшла ў выдавецтве "Чатыры чвэрці".

БелаПАН, 19 верасня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/413/16518
Текущая дата: 29.12.2024