Белорусский портал в Казахстане

Гісторык Сяргей Тарасаў пра сваю новую кнігу: Гэта яшчэ адна мажлівасць выказацца ў маёй любові да Полацка і палачан



18 чэрвеня ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адбылася прэзентацыя кніг, прысвечаных 1150-годдзю Полацка.

У 2012 годзе Полацку спаўняецца 1150 год з моманту яго першага летапіснага згадвання (862 г.). Полацк называюць калыскай беларускай дзяржаўнасці: горад на Заходняй Дзвіне быў цэнтрам першага дзяржаўнага ўтварэння на тэрыторыі Беларусі — Полацкага княства. Горад з павагай завуць "бацькам гарадоў беларускіх".

Выданні, прысвечаныя Полацку, стануць яшчэ адной магчымасцю пазнаёміцца са славутымі старонкамі айчыннай гісторыі. Сярод іх — фотаальбом "Полацк. Гонар вякоў", аўтар тэксту якога — вядомы гісторык, археолаг і пісьменнік Сяргей Тарасаў, а фотаздымкі — Ігара Супранёнка, а таксама навукова-папулярная кніга "Войска Полацкага княства ад часоў Рагвалода да эпохі Усяслава Чарадзея", аўтар якой — загадчык аддзела археалогіі, нумізматыкі і зброі Нацыянальнага гістарычнага музея Мікалай Плавінскі.

"Я прысвяціў Полацку больш за 25 гадоў свайго жыцця, , — расказаў Сяргей Тарасаў, — у тым ліку навуковай працы. Амаль два десяцігоддзі праводзіў у горадзе археалагічныя раскопкі, таму ўсё, што было знойдзена за гэтыя гады, прайшло цераз мае рукі. У гэтай кнізе мне ўдалося ў папулярнай форме расказаць людзям, што гэты горад уяўляе для нас, для нашай гісторыі. І заадно гэта мажлівасць выказацца ў маёй любові да Полацка і палачан".

БелаПАН, 19 чэрвеня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/414/14738
Текущая дата: 16.11.2024