Белорусский портал в Казахстане

Таленавітыя людзі павінны быць запатрабаваны ў сябе на радзіме



Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 мая, сустракаючыся з адоранымі навучэнцамі і студэнтамі, лепшымі прадстаўнікамі таленавітай моладзі.

"Вызначаючы прыярытэты развіцця, мы зрабілі стаўку на талент і інтэлект. Калі ў нашых суседзяў толькі фарміруюцца нацыянальныя сістэмы выяўлення і развіцця маладых талентаў, то ў Беларусі гэта сістэма працуе ўжо другое дзесяцігоддзе", - адзначыў Прэзідэнт. Пры гэтым ён дадаў: "Напярэдадні нашай сустрэчы я даручыў групе спецыялістаў разабрацца, што ж у канчатковым выніку атрымліваецца пасля стварэння банка даных таленавітай і адоранай моладзі. Вынікі сумныя".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час даручыў стварыць банк даных таленавітай моладзі, каб яе здольнасці і дасягненні былі запатрабаваны ў краіне ў розных сферах дзейнасці. Як адзначыў прысутны на сустрэчы міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, на сёння ў гэтым банку даных ужо больш як 5,5 тыс. чалавек. "А колькі з гэтых 5,5 тыс. запатрабаваны ў нашай краіне, працаўладкаваны, працуюць у адпаведнасці са сваім талентам? Упэўнены, не адкажа дакладна ніхто, - заўважыў Прэзідэнт. - Гэта сведчыць аб тым, што, на жаль, дзяржава і тыя людзі, члены ўрада, якім гэта даверылі, вельмі дрэнна выконваюць свае функцыянальныя абавязкі ў гэтай частцы працоўнай дзейнасці. І гэта мы выправім".

"Недапушчальна дзяржаве раскідвацца самым дарагім - талентамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў Прэзідэнт, у развіццё патэнцыялу таленавітых і адораных маладых людзей укладваюцца не толькі фінансавыя сродкі. "Не думайце, што гэта толькі вашы дасягненні. Гэта найперш дасягненні педагогаў і вашых бацькоў. Гэта яны заклалі аснову вашых дасягненняў, развіццё таленту, прыроднага дару", - дадаў ён.

"Тое, што адукацыя ў сярэдняй школе бясплатная, ды ніхто з таленавітых людзей і ў ВНУ нічога не плаціць, не значыць, што яна бясплатная наогул. Дзяржаве гэта каштуе вельмі дорага", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы ўсе разам: наша грамадства, бацькі, педагогі і дзяржава - падтрымліваем таленты. Я ўпэўнены, што ў нашай краіне няма ніводнага адоранага і таленавітага маладога чалавека, пакінутага без увагі дзяржавы. Створана сістэма, дзе вы можаце сябе праявіць, і няважна, якія ў вас сем`і - багатыя ці бедныя, - калі ў вас ёсць талент, вы абавязкова сябе праявіце", - упэўнены кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён падкрэсліў, што таленавітыя людзі павінны ў першую чаргу быць запатрабаваны ў сваёй краіне: "Мы вас знайшлі, выявілі, развілі ваш талент, дык чаму мы не можам скарыстацца гэтым талентам унутры краіны для развіцця нашай дзяржавы. Калі хтосьці едзе за мяжу - калі ласка, але дзяржава гэта павінна арганізоўваць і ад гэтага атрымліваць эфект".

"Але мне дакладваюць, што нават маладыя людзі, якія выехалі за мяжу і атрымалі там адукацыю па спецыяльнасцях, якіх у нас у ВНУ няма, не могуць вярнуцца сюды і нармальна працаўладкавацца, таму што не ўрэгуляваны пытанні з дыпломамі, - адзначыў з абурэннем Аляксандр Лукашэнка. - Калі добры спецыяліст прыехаў з-за мяжы, якая розніца, які ў яго дыплом!"

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што многія лаўрэаты і стыпендыяты спецыяльных фондаў Прэзідэнта прызнаны ўжо, некаторыя сталі вучонымі, спецыялістамі, дзеячамі мастацтва, а хтосьці дабіўся і сусветнай славы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, энергія маладых павінна надаць новы імпульс развіццю беларускага мастацтва. "Паколькі сёння важна не толькі захоўваць традыцыі, але і ствараць культурнае аблічча нашай эпохі, заахвочваць сучасныя мастацкія напрамкі, прадаставіць моладзі творчую свабоду, прызнаўшы за ёю права на ўласнае бачанне свету", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Таленты сёння патрэбны не толькі ў навуцы і творчасці, але і ў грамадскім жыцці. "Дзяржава падтрымлівае дзіцячыя і маладзёжныя аб`яднанні, якія дапамагаюць выхоўваць юных лідараў з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, за якімі будучыня нашай краіны", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Асаблівыя словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка выказаў у адрас педагогаў: "Заслугоўвае павагі той, хто ўмее з іскры ў юным сэрцы распаліць полымя творчасці".

Звяртаючыся да лепшых прадстаўнікоў адоранай і таленавітай моладзі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Вы сапраўды вялікія людзі. Але памятайце: мы вас будзем весці за руку да пары, да часу. А потым і вам трэба ў гэтым жыцці канкурыраваць, змагацца, і вы заўсёды можаце перамагчы, таму што вы таленавітыя".

Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў: "Талент - гэта адзін-два працэнты поспеху, а ўсё астатняе - страшэнная, дзікая праца".

Аляксандр Лукашэнка пажадаў удзельнікам сустрэчы далейшых поспехаў: "Жадаю, каб ваш талент у нашай краіне быў запатрабаваны. Гэта найперш мая задача, я яе паставіў і я даб`юся таго, каб ён быў запатрабаваны ў нас на радзіме".

28 мая 2012, Мінск
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/416/14350
Текущая дата: 16.11.2024