Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі афіцыйна адзначаюць Свята працы



Міжнародны дзень салідарнасці працоўных публічна дазволена адзначаць Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ).

Незалежным прафаб`яднанням і прадстаўнікам апазіцыі праводзіць якія-небудзь масавыя мерапрыемствы забаронена як у Мінску, так і ў рэгіёнах.

Свята працы было заснавана ўказам кіраўніка дзяржавы ў сакавіку 1998 года. Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных адзначаюць больш як у 140 краінах. У яго аснове ляжаць падзеі 1 мая 1886 года, калі актывісты рабочага руху ЗША і Канады правялі серыю мітынгаў і дэманстрацый, патрабуючы ўвядзення васьмігадзіннага працоўнага дня.

Афіцыйны мітынг з удзелам кіраўніцтва ФПБ і прадстаўнікоў органаў улады пачнецца ў 12.00 у мінскім парку імя Янкі Купалы. Затым пройдзе трохгадзінны канцэрт з удзелам артыстаў эстрады. Масавыя гулянні будуць арганізаваны таксама ў Цэнтральным дзіцячым парку адпачынку імя М.Горкага, парках 50-годдзя Кастрычніка і Дружбы Народаў — тут пройдуць канцэрты, будуць працаваць атракцыёны і пункты грамадскага харчавання. Афіцыйныя мерапрыемствы адбудуцца ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах краіны.

Мітынг апазіцыі ў парку Дружбы Народаў Мінгарвыканкам забараніў у сувязі з запланаванымі там афіцыйнымі гуляннямі. Гэтую забарону лідар Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін пракаментаваў так: "Улады плююць на Канстытуцыю, на артыкул 35, які гарантуе свабоду сходаў і вулічных шэсцяў. Закон аб масавых мерапрыемствах стаў забаронай на іх правядзенне, улады нават не знаходзяць час нармальна растлумачыць прычыны адмовы ў правядзенні вулічных мерапрыемстваў, не жадаюць размаўляць з арганізатарамі пра перанос часу і месца акцыі".

Першамайскі апазіцыйны мітынг таксама забаронены ў Мікашэвічах (Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці). Акцыя планавалася ў падтрымку рабочых мясцовага РУВП "Граніт", якія выйшлі з афіцыйнага прафсаюза і абвясцілі пра намер стварыць незалежную прафсаюзную арганізацыю, за што зведваюць націск з боку адміністрацыі.

Сітуацыя з правамі незалежных прафсаюзаў у Беларусі не проста не паляпшаецца — назіраецца новы віток націску на незалежныя прафаб`яднанні, заяўляе лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук.

"Не рэгіструецца "пярвічка" Беларускага незалежнага прафсаюза на РУВП "Граніт". Адмоўлена ў заключэнні калектыўнага дагавора з cябрамі незалежнага прафсаюза на ААТ "Нафтан". Адзначаны факты дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыналежнасці на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў, націск на нашых актывістаў на "Белшыне", Мазырскім НПЗ і, напэўна, упершыню — на сябраў незалежнага прафсаюза гарнякоў на "Беларуськаліі", — прывёў канкрэтныя прыклады старшыня БКДП.

Паводле слоў Ярашука, гэтыя факты, а таксама забарону на правядзенне першамайскіх мітынгаў у розных рэгіёнах краіны можна кваліфікаваць як чарговае абвастрэнне сітуацыі з правамі прафсаюзаў. "Улада прэвентыўна спрабуе засцерагчы сябе ад магчымых праблем з працоўнымі з-за сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, не даючы ім магчымасці аб`ядноўвацца для адстойвання сваіх інтарэсаў", — лічыць прафсаюзны лідар.

Такім чынам, падкрэсліў ён, улады Беларусі дэманструюць, што "не збіраюцца выконваць як свае ўласныя законы, так і рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы па ўстараненні парушэнняў правоў прафсаюзаў".

Сітуацыя з захаваннем правоў прафсаюзаў у Беларусі будзе абмяркоўвацца на пасяджэнні камітэта па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), якое пройдзе ў Жэневе 4—9 чэрвеня.

У 2003 годзе МАП канстатавала факты грубага парушэння беларускімі ўладамі правоў прафсаюзаў пасля адпаведнага расследавання. У 2007 годзе за парушэнне правоў прафсаюзаў Беларусь выключылі з Генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўрасаюза. Для вяртання ў сістэму прэферэнцый урад павінен выканаць шэраг рэкамендацый МАП. У іх ліку — неўмяшанне дзяржавы ў дзейнасць прафсаюзаў, спыненне пераследу грамадзян па прафсаюзнай прыналежнасці, удзел усіх прафсаюзных аб`яднанняў у вырашэнні важных сацыяльных праблем краіны і іншыя.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 1 мая 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/424/13918
Текущая дата: 27.12.2024