Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка: Мы павінны зрабіць усё, каб нашы людзі заставаліся працаваць у Беларусі



Аляксандр Лукашэнка не баіцца адтоку з Беларусі кваліфікаваных кадраў са стварэннем Адзінай эканамічнай прасторы.

"Свабоднае перамяшчэнне капіталу, рабочай сілы — у гэтым сэнс АЭП", — заявіў ён журналістам 21 красавіка падчас суботніка.

"Чалавек мае права выбраць працу там, дзе яму зручней", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА.

Паводле слоў Лукашэнкі, за першы квартал з Беларусі выехалі прыкладна 1,6 тыс., а прыехалі прыкладна 1,9 тыс., каля 85% тых, хто выехаў, адправіліся на заробкі ў Расію.

"Так, з`ехалі не горшыя людзі, вельмі кваліфікаваныя кадры", — прызнаў беларускі кіраўнік. "Таму мы павінны зрабіць усе, каб нашы людзі заставаліся тут працаваць", — лічыць Лукашэнка.

"Мы з адкрытай эканомікай, у нас адкрытая краіна — мы нікога ніколі не ўтрымаем. Мы проста павінны змагацца за чалавека, ствараючы нармальныя ўмовы, каб людзі заставаліся тут і працавалі на сваёй зямлі", — дадаў Лукашэнка.

"Мы паволі выраўноўваемся па заработнай плаце. А тыя інвестпраекты, якія мы рэалізуем, дык я не думаю, што адгэтуль будаўнік паедзе ў Расію на заробкі. Я не хачу сказаць, што тут у іх зарплата большая, чым у некаторых расіян-будаўнікоў, якія там працуюць. Не ў гэтым справа. Але ў нас сёння і цэны ў пяць разоў ніжэйшыя, чым у Маскве. Гэта таксама трэба ўлічваць. Таму той, хто жадае паспытаць дабра на чужыне, хай едзе, мы не перашкаджаем", — сказаў Лукашэнка.

БелаПАН
Мінск, 21 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/425/13731
Текущая дата: 27.12.2024