Белорусский портал в Казахстане

Абвяшчаць Уваскрослага



Слова Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча да святароў на Вялікі чацвер 2012 г.

Глыбокапаважаныя святары!

1. Пастырская праграма 2012 г. прысвечана новай евангелізацыі як уводзінам у Год веры. У рэалізацыі гэтай праграмы вялікае значэнне мае служэнне святара як галоўнага здзяйсняльніка новай евангелізацыі. Гэта найперш вынікае з яго прароцкага служэння, менавіта з функцыі абвяшчэння Евангелля.

З кожным днём мы набліжаемся да радаснага і збаўчага свята Пасхі Хрыстовай, калі ў нашых вушах загучаць словы анёла, з якімі ён звярнуўся да жанчын-міраносіц: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос» (Лк 24, 5-6).

2. Гэтае пытанне нясе ў сабе вельмі важнае настаўленне адносна новай евангелізацыі. Калі мы ўслухоўваемся ў яго, у нас могуць з’явіцца нават прэтэнзіі да жанчын-міраносіц, якія добра ведалі Езуса і Яго вучэнне. Яны павінны былі ведаць, што Яго няма сярод памерлых, бо Ён сам прадказаў сваё Змёртвыхпаўстанне. Аднак, як бачна з паводзінаў жанчын-міраносіц і нават саміх апосталаў, яны не прымалі гэтых словаў Езуса сур’ёзна. Жанчыны-міраносіцы паводле яўрэйскага звычаю пайшлі намасціць цела Езуса мірам. Яны мелі вельмі шмат добрай волі і хацелі аддаць апошнюю пашану свайму Настаўніку, але ў той жа час у іх было мала веры. Ім, зрэшты як кожнаму з нас, было добра вядома, што моц смерці не абмяркоўваецца, бо яна абсалютная. Калі хто раз памёр, то памёр назаўсёды, і яго няма сярод жывых. Гэта тая праўда, з якой мы спатыкаемся штодзённа. Перад ёю нават словы Езуса здаюцца байкай.

Аднак менавіта тут праходзіць тая мяжа, якая падзяляе іх жыццё перад наведваннем магілы Езуса і пасля наведвання. Жанчыны-міраносіцы прыйшлі, каб служыць памерламу, але адышлі, каб служыць жывому. Прышлі «закансерваваць» цела Езуса і Яго ўспамінаць, адышлі, каб евангелізаваць і абвяшчаць Хрыста. Прыйшлі сумныя, адышлі радасныя. Прыйшлі намасціць памерлага, адышлі памазаныя Святым Духам. Прыйшлі, каб здзейсніць культ Старога Запавету, а адышлі з Новым у сэрцы.

3. Дарагія святары! Сёння, у дзень святарства, у кантэксце пытання анёла да жанчын-міраносіц нараджаецца новае пытанне да нас, святароў. І гучыць яно наступным чынам: Якому Езусу служым? Памерламу? Можа, з настальгіяй успамінаем Хрыста, які чыніў цуды, уваскрашаў, абвяшчаў Добрую Навіну бедным, лячыў сляпых і глухіх і г.д.? Можа, думаем: а як бы я рабіў, калі б быў апосталам і ведаў Езуса? Можа, мы сапраўды цэлебруем літургію вельмі пабожна, аднак без веры, як тыя жанчыны-міраносіцы?

У той жа час мы ведаем, што Езус жыве! Наша літургія цэлебруе прысутнасць Уваскрослага, які ёсць Валадаром усёй рэчаіснасці. Езус сёння таксама чыніць цуды, дакранаецца да нашага сэрца, моцаю Святога Духа выганяе злога духа, абвяшчае Евангелле, якое можа перамяніць сэрца кожнага чалавека.

Таму неабходна адмовіцца ад культу «кансервацыі» на карысць культу «евангелізацыі». Трэба замяніць нашу статычную паслугу, якая, на жаль, даволі часта праяўляецца, калі мы сядзім і чакаем таго, хто да нас прыйдзе, каб, як у музеі, успамінаць Езуса, на евангелізацыйны дынамізм, дзякуючы якому мы павінны ісці і абвяшчаць навіну пра жывога Збаўцу, які ёсць адзінай надзеяй свету і чалавека. Больш за тое, мы не павінны абмяжоўвацца толькі абвяшчэннем Уваскрослага Езуса. Нам неабходна ажыццяўляць Яго збаўчую моц — моц прабачэння, аздараўлення, духоўнага вызваленння, асвячэння, удасканалення і г.д. Слова святара — гэта слова Бога, якое мае моц чыніць тое, што яно абвяшчае. Калі мы абвяшчаем жывога Хрыста, то Ён сам чыніць тое, аб чым Яго просім, а менавіта пацвярджае сваё навучанне цудоўнымі знакамі.

4. Прыкладам у гэтым для нас павінна быць Марыя. Калі Езус меў толькі дванаццаць гадоў, яна перажыла вялікую драму ў Ерузалеме. Пасля свята Пасхі Езус згубіўся. І толькі на трэці дзень Марыя з Юзафам знайшлі Яго ў Езузалемскай святыні. Тады Езус сказаў ім: «Чаго ж вы шукалі Мяне? Ці вы не ведалі, што Мне трэба быць у тым, што належыць Айцу Майму?» (Лк 2, 49) Хаця Марыя тады не зразумела гэтых словаў, аднак захоўвала іх у сваім сэрцы.

Трэба адзначыць, што Марыя вельмі ўважліва ставілася да словаў свайго Сына, таму яна не пайшла да Ягонай магілы. Падумаем добра, што тады было ў яе сэрцы. Ізноў свята Пасхі, ізноў Марыя страціла Сына. Але яна ведала, што не трэба шукаць Яго сярод памерлых. Яна ведала, што яе Сын знаходзіцца ў тым, што належыць Яго нябеснаму Айцу, ведала, што знойдзе свайго Сына ў святыні Яго ўваскрослага цела. Яна з’яўляецца першай, хто праз веру ў слова свайго Сына перайшоў да Новага Запавету. Яна не пайшла намасціць Сына паводле традыцыі Старога Запавету, але чакала Яго ў Духу і Праўдзе.

5. Глыбокапаважаныя святары!

Атрымаўшы ласку святарства, мы ўсе сталі Alter Christus, мы выбралі Хрыста сваім Панам і гэтым самым сталі знакам прысутнасці жывога Езуса сярод людзей, да якіх мы пасланы і сярод якіх Ён дзейнічае праз нас. Нам трэба памятаць, што святар — гэта не жанглёр слова і не рыцар тэалагічных аргументаў, але дзейнічаючы праз нас Хрыстус, які і сёння чыніць цуды. Мы павінны разам з апосталам Паўлам сказаць, што «Хрыстус паслаў мяне не хрысціць, але абвяшчаць Добрую Навіну; і не мудрасцю слова, каб не зрабіць марным крыжа Хрыстовага» (1 Кар 1, 17). Езус у сваёй міласэрнасці вядзе нас ад мудрасці словаў да моцы крыжа, паказваючы, што «не ўсё з маральнага пункту гледжання ў нашым жыцці дазволена». Ён вядзе да свабоды сказаць граху «не». Вядзе да здзяйснення моцаю Святога Духа Ягоных учынкаў, да ліквідацыі зла сілай Хрыста. Адным словам, вядзе ад смерці да жыцця.

«Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых?» (Лк 24, 5). Гэтыя словы анёла схіляюць нас задумацца над тым, што, шукаючы жывога Езуса, людзі не знаходзяць Яго сярод закасцянелых і статычных, або, можа, нават памерлых формаў душпастырства, якія не адпавядаюць патрабаванням сучаснасці. Не могучы знайсці адказу на свае праблемы ў Касцёле, яны пачынаюць яго шукаць у рэлігіях Усходу, у New Age, сектах, акультызме, магіі і г.д. Можа, мы, святары, прадстаўляючы навуку Касцёла, забыліся пра веру ў тое, што Езус і сёння збаўляе, і з’яўляемся падобнымі да тых, хто паказвае дзецям смачныя тарты за шклом вітрыны і не дае ім пакаштаваць іх. Сёння трэба задацца пытаннем: ці людзі бачаць у нас, святарах, таго, хто перадае ім Жывога Хрыста, а, можа, толькі міліцыянера маральнасці? Ці, называючы непрактыкуючых хрысціянаў лянівымі грэшнікамі, мы не спрашчаем задачу, скідваючы з сябе адказнасць за належнае абвяшчэнне Евангелля ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі і выклікамі часу? Каб плённа абвяшчаць Евангелле, найперш трэба мець глыбокае дасведчанне Бога (пар. US), бо імкненне быць хрысціянінам не з’яўляецца вынікам этычнага выбару або нейкай вялікай ідэі, але вынікам спаткання з падзеяй, з Асобай, якая надае жыццю новую перспектыву і тым самым выразны накірунак (пар. DCE 1), як навучае папа Бэнэдыкт XVI.

5. У Касцёле заўсёды існавала і існуе патрэба захавання чыстай і нескажонай дактрыны. Гэтая дактрына сёння кажа пра неабходнасць новай евангелізацыі, пра паўторнае прадстаўленне збаўчай місіі Хрыста, які жывы і якога не трэба шукаць сярод памерлых.

Мы павінны быць добра падрыхтаванымі апосталамі, якія будуць перамяняць свет і шукаць згубленых авечак. Сёння ўжо не дастаткова чакаць у сакрыстыі вернікаў. Трэба выйсці з яе і праз сведчанне жыцця шукаць і прывесці да Езуса згубленых на жыццёвых дарогах людзей. Гэта вельмі пільнае і адказнае заданне новай евангелізацыі, да якой заклікаў благаслаўлёны Ян Павел II і вельмі актыўна заклікае Бэнэдыкт XVI.

6. Гэтае заданне датычыць біскупа, як першага евангелізатара, і працуючых разам з ім святароў. Біскуп, як наступнік апосталаў, атрымаў мандат быць у свеце жывой іконай абвяшчэння Добрай Навіны. У біскупскай місіі евангелізаваць прымаюць удзел аб’яднаныя з ім святары, ствараючы адзінае прэзбітэрскае цела, пастаўленае, каб служыць людзям праз абвяшчэнне і захаванне заўсёды жывога і дзейснага слова Божага, літургічныя цэлебрацыі і кіраванне народам Божым. Гэта да нас адносяцца словы святога апостала Паўла: «Гора мне, калі я не абвяшчаю Евангелля» (1 Кар 9, 16) і святога апостала Пятра: «Мы не можам маўчаць пра тое, што бачылі і чулі» (Дз 4, 20).

Каб выканаць гэтае заданне, Касцёл, паводле словаў папы Бэнэдыкта XVI, патрабуе добрых, святых, дасканала падрыхтаваных, поўнасцю адданых Хрысту і справе пашырэння Божага Валадарства на зямлі святароў. Гэта абсалютна неабходныя элементы, у якіх знаходзіцца ідэнтычнасць святарства нашага часу з пункту гледжання новай евангелізацыі, каб, нягледзячы на ўсе цяжкасці, заўсёды і паўсюдна абвяшчаць Евангелле, адказваючы на выклікі сучаснасці (пар. NE, p. 96-98).

У сувязі з гэтым заклікаю вас, дарагія браты ў святарстве, памятаць аб тым, што мы з людзей узяты і для людзей пастаўлены, што нам заўсёды трэба імкнуцца да святасці, пастаянна ўдасканальвацца і, нарэшце, аддана служыць Хрысту і справе абвяшчэння Евангелля. Езус Хрыстус, як Першасвятар, павінен стаць спадарожнікам на нашым жыццёвым шляху і сапраўдным сябрам, якому можна даверыцца ў цяжкія моманты крызісу. Бо толькі Ён адзін можа нас суцешыць. Таму ў асабліва складаных жыццёвых і пастырскіх сітуацыях, у стане духоўнай цемры і нестабільнасці ў веры неабходна сваё жыццё прыпадобніць Хрысту. Каб пранікнуць да канца ў таямніцу нашага святарскага служэння, неабходна пастаянна паўтараць нашае fiat Богу, якое мы сказалі, прымаючы сакрамэнт святарства, і якое, праяўляючыся ў паслухмянасці Хрысту і Касцёлу, становіцца збаўчай ласкай.

Няхай жа гэтае fiat як мага мацней праяўляецца ў справе новай евангелізацыі, у абвяшчэнні Уваскрослага Хрыста, як шляху да веры.

Дзякуючы ўсім вам за ахвярную і адданую працу ў справе прапаведавання Евангелля і адраджэння веры ў нашай краіне і давяраючы апецы Марыі — Маці новай евангелізацыі — ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі

Мінск, 1 красавіка 2012 г., Пальмовая нядзеля

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Бэнэдыкт XVI. Энцыкліка «Deus caritas est» (DCE).
2. Benedykt XVI. List Apostolski «Ubicumque et simper» (US).


catholic.by
5 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/427/13460
Текущая дата: 26.12.2024